Кардынал Чэрны: вітаць усіх, хто мае патрэбу ў бяспечнай гавані
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як адзначыў кардынал Чэрны, агульная колькасць тых, хто працуе ў суднаходнай галіне – ад экіпажаў судоў да докераў, ад берагавой аховы да мытных агентаў – складае мільёны чалавек. Дзякуючы нябачнай працы гэтых работнікаў мы атрымліваем многія прадметы першай неабходнасці, пры гэтым шматлікім маракам працягваюць "пагражаць несправядлівасць, эксплуатацыя і няроўнасць".
Іерарх нагадаў аб тым, што Каталіцкі Касцёл з дапамогай капеланаў і валанцёраў аказвае душпастырскую падтрымку работнікам суднаходнай галіны і адстойвае іх правы. Місіянерская служба Stella Maris дзейнічае ў сотнях партоў па ўсім свеце. Яна дапамагае “ператварыць перыферыю ў цэнтр", молячыся разам з маракамі, паляпшаючы матэрыяльныя і духоўныя ўмовы іх працы, адстойваючы годнасць і правы працоўных, умацоўваючы міжнародныя адносіны.
Кардынал Чэрны заклікаў спрыяць уключэнню гэтых людзей у грамадства, "развіваць узаемаразуменне і салідарнасць паміж усімі народамі і рэлігіямі". Ён заахвоціў браць прыклад з святога Паўла, які шмат часу правёў у марскіх падарожжах, умацоўваючы адзінства людзей у часы падзелаў і напружанасці.
Кардынал Чэрны нагадаў, што мора часта было сродкам распаўсюджвання хрысціянства па ўсім зямным шары. "Касцёл і сёння можа чэрпаць натхненне ў жыхароў прыбярэжных супольнасцяў, якія першымі пачулі новае пасланне Хрыста ад апосталаў-мараплаўцаў і іншых місіянераў", - адзначыў ён, запрашаючы вітаць усіх, хто мае патрэбу ў гавані. "Мы не можам быць адкрытымі да жыццёвых магчымасцяў, калі аддаем перавагу звыклым камфортам. Шлях адкрыцця – гэта шлях надзеі", - заключыў кардынал Чэрны, пажадаўшы маракам “адчуваць сябе часткай Касцёла, куды б яны ні паплылі".
Марская нядзеля адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле штогод у другую нядзелю ліпеня.