Пошук

Кардынал Паралін падчас "Калоквіўма на карысць міру" ў італьянскім Сенаце Кардынал Паралін падчас "Калоквіўма на карысць міру" ў італьянскім Сенаце 

Кардынал Паралін: мір заўсёды ствараецца разам

Глабальны саміт міру ў Швейцарыі быў “карысным”, але “яго недахопам, як заўважалі многія дакладчыкі, стала адсутнасць Расіі”, бо “мір заўсёды ствараецца разам”, заўважыў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican news

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы пракаментаваў у размове з журналістамі свой удзел у канферэнцыі ў Бюргенштоку, якая праходзіла 15-16 чэрвеня 2024 года і была прысвечанай пошуку шляхоў міру ва Украіне. Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца прысутнічаў на форуме ў якасці назіральніка. На палях Калоквіўма на карысць міру, які адбыўся 19 чэрвеня ў Сенаце Італьянскай Рэспублікі, ён выказаў задавальненне самітам.

Справядлівы мір і прынцып братэрства

Іерарх прызнаўся, што “чуў ад многіх: мы не ваюем з Расіяй, але шукаем тут шлях міру паміж Расіяй і Украінай”. Ён падкрэсліў важнасць таго, каб гэты мір быў справядлівы – “гэта значыць, каб грунтаваўся на прынцыпах міжнароднага права і строгім выкананні Статута ААН”. Разам з гэтым, павінен існаваць таксама “прынцып братэрства”, бо “калі мы не прыкладзём намаганні, каб адчуць, што мы браты ў гэтым свеце, мы ніколі не зможам пераадолець канфлікты”.

Адсутнасць узаемнага даверу

Кардынал Паралін назваў вялікай праблемай сённяшняга дня, тое, што “міжнародныя органы функцыянуюць слаба або не функцыянуюць зусім”, што сведчыць пра “абсалютную адсутнасць узаемнага даверу”. “Мы больш не давяраем адзін аднаму, і менавіта таму павялічваюцца арсеналы канвенцыйнай зброі і атамных узбраенняў. Кожны хоча быць упэўнены ў сваёй абароненасці ад іншага, якому больш не давярае і з якім не здольны падтрымліваць адносіны, заснаваныя на міры і павазе”, - сказаў ён.

Эканамічныя інтарэсы і гандаль зброяй

Дзяржасакратар нагадаў пра вялікія эканамічныя інтарэсы, якія стаць за гандлем зброяй. Ён заўважыў, што Святы Айцец няспынна заахвочвае да раззбраення, нягледзячы на тое, што яго заклікі застаюцца непачутымі. “Тым не менш, Папа мужны і працягвае настойваць”, - сказаў кардынал, выказваючы спадзяванне на тое, што намаганні Пантыфіка змогуць прабіць брэш і змяніць сітуацыю.

Адпраўка зброі ва Украіну

Адказваючы на пытанне пра дэбаты паміж палітычнымі сіламі ў Італіі адносна адпраўкі зброі ва Украіну, іерарх падкрэсліў, што “адзіны спосаб вырашыць гэту праблему – сабрацца разам і пачаць размаўляць адзін з адным без умоў, тады можна будзе спыніць і адпраўку зброі”. Аднак спачатку, на яго думку, павінны быць зроблены крокі для паспяховага пачатку перамоў паміж Расіяй і Украінай, нават у канфідэнцыяльнай форме. Кардынал Паралін падкрэсліў, што бакі павінны пачаць размаўляць паміж сабой, бо “мір заключаецца ўдваіх, а калі не будзе аднаго з двух, тады не будзе і міру”.

Візіт у Ліван

Падчас размовы з журналістамі кардынал Паралін пацвердзіў таксама свой візіт у Ліван, які, паводле мясцовых СМІ, павінен адбыцца напрыканцы чэрвеня. Іерарх заўважыў, што гаворка не ідзе пра дыпламатычны візіт ці мірную місію для Святой Зямлі. Ён расказаў, што быў запрошаны ліванскім прадстаўніцтвам Мальтыйскага Ордэна пазнаёміцца на месцы з яго ініцыятывамі, якія маюць вялікае сацыяльнае значэнне ў святле глыбокага крызісу ў гэтай краіне. Паездка стане нагодай таксама, каб паспрабаваць дапамагчы ўладам знайсці выйсце са складанай сітуацыі.
 

20 чэрвеня 2024, 09:03