Кардынал Паралін накіраваўся з візітам у Ліван
Марыя Валодзіна – Vatican News
Кардынал Паралін сам анансаваў гэты візіт у размове з журналістамі ў кулуарах мерапрыемства на тэму міру, якое праходзіла ў італьянскім Сенаце. "Некаторы час таму мяне запрасіла мясцовае прадстаўніцтва Мальтыйскага ордэна, каб наведаць іх установы, якія маюць вялікі сацыяльны ўплыў ва ўмовах поўнага крызісу. Ліванскі крызіс – гэта ўсебаковы крызіс, і, безумоўна, мы пастараемся прыкласці намаганні, як гэта заўсёды рабіла дыпламатыя Святога Пасада, каб дапамагчы знайсці інстытуцыянальнае рашэнне”, - сказаў Дзяржсакратар.
У праграме візіту, які працягнецца да 27 чэрвеня, запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, Мараніцкага Патрыярхату, мясцовага Касцёла, патрыярхамі і рэлігійнымі лідарамі. У панядзелак, 24 чэрвеня, кардынал Паралін адслужыць Імшу з нагоды ўрачыстасці святога Яна Хрысціцеля, нябеснага апекуна Мальтыйскага ордэна.
Як адзначаецца ў прэс-рэлізе Мальтыйскага ордэна, ён ужо больш за 70 гадоў знаходзіцца на перадавой аказання базавых медыцынскіх паслуг і сацыяльнай падтрымкі насельніцтву. Пачынаючы з 2020 года ордэн засяродзіў свае намаганні на "аграгуманітарных" праектах па забеспячэнні харчовай бяспекі, аднаўленню эканомікі і падтрымцы найбольш уразлівых слаёў насельніцтва Лівана. У краіне назіраецца сур'ёзны эканамічны крызіс, 80% насельніцтва жыве ў беднасці.