Кардыналу Марку Уэле споўнілася 80 гадоў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Будучы кардынал нарадзіўся ў 1944 годзе на поўдні франкамоўнай канадскай правінцыі Квебек як трэці з васьмі дзяцей. У дзяцінстве захапляўся хакеем і нават марыў пра спартыўную кар’еру, але траўма, атрыманая ў 17 гадоў, прымусіла яго змяніць планы на жыццё: хлопец вырашыў стаць святаром.
Пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Манрэалі, Марк Уэле атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Гэта адбылося ў 1968 годзе ў яго роднай парафіі ў Амосе. У першыя гады святарства ён займаўся выкладчыцкай дзейнасцю ў Калумбіі. У 1972 годзе ўступіў у Святарскае таварыства святога Сульпіцыя, члены якога займаюцца фармацыяй духавенства.
У 1974 годзе атрымаў ступень ліцэнцыяту па філасофіі ў Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага, а ў 1983 годзе – доктара тэалогіі ў Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Выкладаў у розных універсітэтах і семінарыях у Калумбіі і Канадзе, займаў розныя кіраўнічыя пасады ў канадскай правінцыі сваёй кангрэгацыі. У 1996 годзе вярнуўся ў Рым. З 1997 па 2002 годзе быў загадчыкам катэдры дагматычнай тэалогіі ў Інстытуце вывучэння сужэнства і сям’і пры Папскім латэранскім універсітэце.
У 2001 годзе Ян Павел ІІ прызначыў Марка Уэле сакратаром Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, надаўшы яму тытул арцыбіскупа і асабіста ўдзяліўшы яму біскупскае пасвячэнне. Сваім біскупскім дэвізам іерарх абраў словы: Ut unum sint – Каб усе былі адно. У 2002 годзе ён стаў арцыбіскупам Квебека і Прымасам Канады, а ў 2003 годзе атрымаў кардынальскую годнасць.
У 2010 годзе Бэнэдыкт XVI прызначыў кардынала Уэле прэфектам Кангрэгацыі па справах біскупаў і старшынёй Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. Ён займаў гэтыя пасады на працягу трынаццаці гадоў. 30 студзеня 2023 года Францішак адправіў 78-гадовага іерарха ў адстаўку ў сувязі з дасягненнем ім пенсійнага ўзросту.
Калегія кардыналаў у цяперашні час налічвае 236 іерархаў, у тым ліку 126 ва ўзросце да 80 гадоў – яны маюць права ўдзельнічаць у канклаве.