Пошук

Францішак падчас сустрэчы з чальцамі Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Архіўнае фота Францішак падчас сустрэчы з чальцамі Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Архіўнае фота  (ANSA)

Міжнародная тэалагічная камісія рыхтуе дакумент аб Сімвале веры

З нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабора ў 2025 годзе Міжнародная тэалагічная камісія рыхтуе дакумент аб Сімвале веры, абвешчаным у той час і дапоўненым на Канстанцінопальскім Саборы 381 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Над тэкстам, які павінен быць апублікаваны ў пачатку наступнага года, працуе група тэолагаў пад кіраўніцтвам Генеральнага сакратара Камісіі, ксяндза П’етра Коды.

У L’Osservatore Romano намеснік сакратара Камісіі, ксёндз Маўрыцыа Барба патлумачыў, што дакумент мае на мэце даць “даксалагічнае” прачытанне Сімвала веры, каб “падкрэсліць яго сатэрыялагічнасць, а значыць, хрысталагічнасць, трынітарнасць і антрапалагічнасць”. Фактычна, “гаворка ідзе пра тое, каб нанова адкрыць Хрыста, Святло Святла і Святло свету, ва ўсёй Яго прывабнай сіле”.

Ён падкрэсліў, што ўспамін Нікейскага Сабора, і ў прыватнасці Сімвала веры, які з яго вынікае, “адыгрывае фундаментальную ролю ў ахове і перадачы веры, ставячы ў цэнтр паглыбленне трынітарнай керыгмы як жыццёвага досведу сустрэчы евангелізацыі з укрыжаваным і ўваскрослым Панам, Сынам Божым і Збаўцам, у святле Духа”.

Міжнародная тэалагічная камісія была заснавана ў 1969 годзе Паўлам VI для вывучэння важных дактрынальных праблем, аказваючы такім чынам дапамогу Настаўніцтву (Магістэрыуму) Касцёла, і асабліва Кангрэгацыі (цяпер Дыкастэрыя) веравучэння, прэфект якой з'яўляецца старшынёй Камісіі. У цяперашні час яна складаецца з 28 тэолагаў з усяго свету.

Папа Францішак даручыў Камісіі тры тэмы для разважанняў: хрысціянская антрапалогія перад абліччам сучасных культурных выклікаў; першы Усяленскі Нікейскі Сабор і актуальнасць яго вучэння; Боскі след у стварэнні і клопат чалавека аб стварэнні.

У 2022 годзе ён таксама прасіў тэолагаў Камісіі аб “творчай вернасці Традыцыі”; паглыбленні інкультурацыі Евангелля; адкрытасці на ўклад іншых навуковых дысцыплін шляхам кансультацый са спецыялістамі, у тым ліку некатолікамі; гатоўнасці да калегіяльнай працы.
 

26 чэрвеня 2024, 11:31