Папа: новыя нормы для Капітула базілікі і Фабрыкі святога Пятра
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Капітул базілікі святога Пятра, нагадаў Францішак у сваім 59-старонкавым хірографе, – гэта група канонікаў, якія клапоцяцца пра прыгажосць храма і спрыяюць духоўнаму, душпастырскаму, дабрачыннаму і культурнаму жыццю ў ім. Іх “асаблівая ўвага накіравана на шматлікіх пілігрымаў”, “якія часта належаць да розных культур і рэлігій”.
“Працэс абнаўлення” капітульнага жыцця, заўважыў Папа, быў пачаты тры гады таму ў жніўні. Апублікаваныя цяпер нормы, устанаўліваюць, што канонікі і каад'ютары, прызначаныя "без абмежавання часу” да ўступлення ў сілу новых правіл і тыя з іх, хто ўжо дасягнуў або дасягне 80-гадовага ўзросту, прымаюць "статус ганаровых канонікаў і ганаровых каад'ютараў" і "вызваляюцца ад усіх абавязацельстваў перад капітулам", а таму не ўдзельнічаюць у яго сесіях; яны не атрымліваюць "ніякага ўзнагароджання", хоць могуць захоўваць "свой тытул, званне і адзенне" і ўдзельнічаць, "у адпаведнасці са сваім статусам, у літургічных урачыстасцях базілікі, а таксама ў душпастырскай дзейнасці", "карыстацца правам пахавання ў Капліцы ватыканскага капітула".
У другім пункце Рэскрыпту сцвярджаецца, што каад’ютары, прызначаныя да ўступлення ў сілу новага Статута, “застаюцца на службе да дасягнення імі васьмідзесяці гадоў, калі іншае не ўстаноўлена Вышэйшай уладай”; яны не атрымліваюць фіксаванага ўзнагароджання – аплачваецца выключна выкананае імі служэнне.
У канцы рэскрыпта ўтрымліваецца пажаданне Папы, каб палажэнні першага пункта прымяняліся "таксама да тых канонікаў і каад'ютараў, якія, хоць ім яшчэ не споўнілася васьмідзесяці гадоў, не наведвалі літургічныя ўрачыстасці і не ўдзельнічалі ў пасяджэннях Капітула больш за год".
Новыя 24 канонікі капітула, якія будуць паходзіць з розных краін свету, павінны прысвяціць сябе чатыром напрамкам дзейнасці базілікі. Сярод іх – арганізацыя і правядзенне Імшаў, а таксама душпастырская апека над пілігрымамі і мясцовымі вернікамі. Будуць таксама дабрачынныя, культурныя і тэалагіныя задачы. Новыя нормы рэгулюе тэрмін паўнамоцтваў і памер узнагароды. Архіпрэзбітэр базілікі прызначаецца Папам. У цяперашні час гэту пасаду займае кардынал Маўра Гамбэці.
58-гадовы італьянскі іерарх таксама з'яўляецца кіраўніком Фабрыкі святога Пятра, новыя нормы дзейнасці якой былі абвешчаны разам з статутам Капітула. Згодна з дакументам, задача Фабрыкі – захоўваць і прымнажаць рэлігійную, мастацкую, гістарычную, архітэктурную і культурную спадчыну базілікі святога Пятра.
Раней Францішак ужо рэарганізаваў прававы статус Папскай базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. У 2005 годзе Бэнэдыкт XVI зрабіў тое ж адносна Папскай базілікі святога Паўла па-за Мурамі.