Пошук

Кардынал П'етра Паралін на Саміце міру для Украіны Кардынал П'етра Паралін на Саміце міру для Украіны  (© KEYSTONE POOL / ALESSANDRO DELLA VALLE)

Кардынал Паралін: дыялог – адзіны сродак для дасягнення міру

Папа блізкі да змучанага народа Украіны і нязменна адданы падтрымцы намаганняў на карысць міру, - падкрэсліў кардынал П’етра Паралін падчас Глабальнага саміту міру для Украіны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы ўзяў удзел у форуме, які прайшоў 15-16 чэрвеня 2024 года ў швейцарскім горадзе Бюргеншток, у якасці назіральніка. Ён нагадаў пазіцыю Святога Пасаду паводле якой, “адзіным сродкам для дасягнення сапраўднага, стабільнага і справядлівага міру з’яўляецца дыялог паміж усімі зацікаўленымі бакамі”. Іерарх запэўніў таксама ў гатоўнасці Апостальскай Сталіцы падтрымаць пасрэдніцкія ініцыятывы, якія будуць прымальнымі для ўсіх.

Кардынал Паралін заўважыў, што саміт у Швейцарыі з’яўляецца “падзеяй глабальнай важнасці”, перш за ўсё для Украіны, якая, “прыкладае вялізарныя намаганні, каб абараніцца ад агрэсіі”, а таксама “няспынна працуе на дыпламатычным фронце, жадаючы дасягнуць справядлівага і трывалага міру”.

“Перад абліччам вайны і яе трагічных наступстваў, важна ніколі не апускаць рукі, але пастаянна працягваць шукаць шляхі спынення канфлікту, з добрымі намерамі, даверам і крэатыўнасцю”, - сказаў ён. “Апостальская Сталіца выказвае надзею на тое, што дыпламатычныя намаганні Украіны, падтрыманыя многімі дзяржавамі, прынясуць вынікі, якіх жадаюць людзі, якія пакутуюць ад вайны і на якія спадзяецца ўвесь свет”, - дадаў Дзяржсакратар.

Кардынал Паралін звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць захавання норм міжнароднага права, фундаментальнымі прынцыпамі якога з’яўляюцца павага да суверэнітэту кожнай краіны і цэласнасці яе тэрыторыі. Ён выказаў вялікую занепакоенасць трагічнымі гуманітарнымі наступствамі, асабліва сітуацыяй вывезеных украінскіх дзяцей і лёсам ваеннапалонных і зняволеных грамадзянскіх асоб.

“Уз’яднанне дзяцей з іх сем’ямі і законнымі апекунамі павінна быць першачарговай заклапочанасцю ўсіх бакоў, а якое-кольвечы выкарыстанне іх сітуацыі – непрымальнае. Таму імператывам з’яўляецца ўмацаванне ўсіх магчымых каналаў для спрыяння гэтаму працэсу”, - сказаў ён, дадаючы, што Святы Пасад удзельнічае ў якасці назіральніка ў працы міжнароднай групы, якая займаецца гэтай праблемай і падтрымлівае прамыя кантакты з украінскімі і расійскімі ўладамі, наладжаныя дзякуючы візіту кардынала Матэа Дзупі ў Кіеў і Маскву.

Гаворачы пра сітуацыю палонных, “як вайскоўцаў, так і грамадзянскіх”, кардынал Паралін выказаў заклапочанасць перыядычнымі паведамленнямі аб невыкананні Жэнеўскай канвенцыі. Ён згадаў пра цяжкасці, звязаныя са стварэннем, разам з Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа, сумеснай медыцынскай камісіі, якая магла б ацаніць сітуацыю ваеннапалонных, патрабуючых неадкладнай медыцынскай дапамогі.

Дзяржсакратар запэўніў, што Святы Пасад падтрымлівае ўсе намаганні па дасягненні міру, гатовы спрыяць ім і заклікае дзяржавы і іншых членаў міжнароднай супольнасці працягваць аказваць гуманітарную дапамогу і садзейнічаць палітычнаму пасрэдніцтву. Ён падкрэсліў, што Папа Францішак блізкі да змучанага народа Украіны і нязменна адданы падтрымцы тых, хто шукае міру.
 

17 чэрвеня 2024, 13:21