Пошук

Францішак сярод пілігрымаў падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Францішак сярод пілігрымаў падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Паралін: калі б была магчымасць, Папа паехаў бы ў Кітай

Дзяржсакратар Яго Святасці адзначыў пазітыўныя змены ў дыялогу паміж Святым Пасадам і Кітаем.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас сустрэчы з журналістамі ў кулуарах мерапрыемства ў Папскім універсітэце Урбаніяна кардынал П’етра Паралін падкрэсліў, што на дадзены момант здаецца заўчасным гаварыць аб візіце Францішка, але “калі б была адкрытасць з боку кітайцаў, Папа неадкладна накіраваўся б” у гэту краіну, да якой ён заўсёды выяўляў вялікую ўдзячнасць і пашану за яе гісторыю і культуру.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што дыялог з Кітаем працягваецца. “Мы спрабуем знайсці лепшыя працэдуры ў тым ліку і для прымянення падпісанага пагаднення, якое будзе абноўлена ў канцы гэтага года”, - сказаў ён, адказваючы на пытанне журналістаў аб біскупскіх намінацыях у КНР.

Падчас прэзентацыі кнігі Кардынал Чэльса Кастанціні і Кітай – будаўнік моста паміж Усходам і Захадам кіраўнік дыпламатыі Святога Пасада нагадаў аб тым, што кардынал Кастанціні быў натхняльнікам, ініцыятарам і арганізатарам першага сінода Каталіцкага Касцёла ў Кітаі. Як першы апостальскі дэлегат у гэтай краіне, ён заклаў асновы для дыялогу, адным з плёнаў якога праз некалькі дзясяткаў гадоў стала пагадненне са Святым Пасадам адносна прызначэння біскупаў. Яно было падпісана ў 2018 годзе і з таго часу абнаўлялася двойчы, у 2020 і 2022 гадах.

Кардынал Паралін адзначыў, што “метад кардынала Канстанціні” ў адносінах паміж Апостальскай Сталіцай і найбуйнейшай азіяцкай краінай – гэта шлях, якім сёння ідзе Францішак. “Зафіксаваныя дагэтуль пазітыўныя змены даюць нам надзею на тое, што за імі рушаць услед яшчэ большыя перамены”, - сказаў іерарх. Кардына-дзяржсакратар нагадаў аб тым, што дзякуючы падпісанню пагаднення ўсе біскупы ў Кітаі цяпер знаходзяцца ў поўнай еднасці з Каталіцкім Касцёлам.
 

21 чэрвеня 2024, 11:53