Сінод Біскупаў: працягваецца праца над Instrumentum laboris
Марыя Валодзіна - Vatican News
Члены Рады разам з кансультантамі разгледзелі першы праект Instrumentum laboris для другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая адбудзецца ў кастрычніку 2024 года. Праект будучага дакумента быў падрыхтаваны групай тэолагаў і засноўваецца на аналізе справаздач мясцовых Касцёлаў, атрыманых Генеральным сакратарыятам Сінода. Дакумент быў усебакова разгледжаны не толькі членамі Рады, але і групай кансультантаў з усяго свету, якая складалася прыблізна з сямідзесяці чалавек: святароў, законнікаў і законніц, свецкіх вернікаў, прадстаўнікоў касцёльных арганізацый, тэолагаў, душпастыраў.
Як падкрэсліў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў, кардынал Марыё Грэк, шырокія кансультацыі праводзіліся ў адпаведнасці з прынцыпам цыркулярнасці, які натхняе ўвесь сінадальны працэс: “тое, што зыходзіць ад простых людзей, вяртаецца да простых людзей”. Такі падыход забяспечвае сапраўднасць і справаздачнасць працы Сінода, лічыць іерарх.
Удзельнікі нарады абмеркавалі таксама ход сінадальнага працэсу ў перыяд паміж дзвюма сесіямі. Падагульняючая справаздача першай сесіі была добра прынята мясцовымі супольнасцямі. У Сакрафана паспяхова прайшла сустрэча 200 пробашчаў, якім Францішак даў мандат сінадальных місіянераў. Нарэшце, сінадальны метад размовы ў Святым Духу знайшоў прызнанне ў многіх касцёльных структурах, быў прыняты ў якасці рабочага метаду на пасяджэннях дыяцэзіяльных і парафіяльных рад і нават біскупскіх канферэнцый. Праца Сінода дапамагла вернікам зразумець, што яго мэта – не проста разгляд тых ці іншых канкрэтных пытанняў, але стварэнне і ўмацаванне сінадальнасці, уключэнне сінадальнасці ў стыль быцця і служэнне Касцёла пры падтрымцы Святога Духа.
Раніцай 24 чэрвеня ўдзельнікаў сустрэчы прыняў на аўдыенцыі Папа Францішак, які заахвоціў іх працягваць працу.
Члены Рады зацвердзілі праграму наступнага пасяджэння і прынялі ўдзел у Святой Імшы. Новая версія Instrumentum laboris будзе прадстаўлена на зацвярджэнне Звычайнай Радай, а затым адпраўлена на канчатковае ўхваленне Святым Айцом. Чакаецца, што яго тэкст будзе апублікаваны напачатку ліпеня.