Пошук

Кардынал Паралін падчас візіту ў Ліван Кардынал Паралін падчас візіту ў Ліван  (ANSA)

У Ліване вялікія спадзяванні на плёны візіту кардынала Параліна

У Ліване завяршыўся візіт Дзяржсакратара Яго Святасці Папы кардынала П’етра Параліна. 27 чэрвеня 2024 года адбыліся апошнія сустрэчы ватыканскага іерарха.

Ян Глінскі

Візіт папскага пасланніка пракаментаваў дырэктар Сaritas у Ліване. Па словах айца Мішэля Абуда, ліванцы не страцілі надзеі, але ўсведамляюць, што патрабуюць сяброў, якія дапамогуць ім выйсці з крызісу. Ім патрэбны мудрыя пасярэднікі, каб пасля палутарагадовага палітычнага вакууму ўдалося выбраць прэзідэнта і аднавіць стабільнасць дзяржавы.

“Візіт кардынала П’етра Параліна з’яўляецца для нас адчувальным знакам таго, што яшчэ не ўсё страчана, - адзначыў кармеліт, нагадаўшы пра шматлікія важныя сустрэчы ватыканскага іерарха з прадстаўнікамі ўлады, мясцовага Касцёла, патрыярхамі і духавенствам, а таксама з насельніцтвам. – Гэта доказ таго, што Апостальская Сталіца прысвячае шмат энергіі, спрабуючы дапамагчы вырашыць нашыя праблемы. Мы ведаем, што Касцёл ніколі нас не пакіне. Гэта дае нам неверагоднае пачуццё бяспекі”.

Як дадаў ліванскі законнік, мясцовы Касцёл нястомна працаваў і працуе на карысць міру, аказваючы дапамогу ўсім ліванцам, а не толькі хрысціянам. “У нас ёсць школы, бальніцы, гуманітарныя і дабрачынныя таварыствы, якія на працягу шматлікіх гадоў працуюць для дабра людзей, нягледзячы на ўсе крызісы, якія нас напаткалі”, - дадаў ён.

Дырэктар Caritas выказаў надзею, што візіт кардынала Параліна прынясе плён у двух кірунках: стане стымулам для пераадолення палітычнага вакуума і нагадае міжнароднай супольнасці аб цярпеннях ліванскага насельніцтва. “На жаль, ад пачатку вайны ва Украіне многія ахвяраванні да нас ужо не даходзяць. А для нашых бедных гэтая дапамога вельмі неабходна”, - падкрэсліў манах, нагадаўшы, што дапамога была абмежавана таксама для мільёнаў бежанцаў з Ірана, Сірыі і Палесціны, якіх Ліван прыняў у папярэднія гады.

Па словах кармеліта, эканамічныя цяжкасці – не самае горшае, што перажывае Ліван: мясцовыя жыхары баяцца вайны паміж Ізраілем і Хезбалой. Жахлівая перспектыва вымушае жыхароў пакідаць краіну ў пошуках бяспечнага жыцця.
 

28 чэрвеня 2024, 10:17