Пошук

Храма Гроба Хрыстовага (Іерусалім) Храма Гроба Хрыстовага (Іерусалім) 

У Ватыкане абмяркуюць, як падтрымаць Усходнія Цэрквы

Сітуацыя ў краінах, якія пакутуюць ад вайны, будзе ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў 97-й пленарнай сесіі Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO).

Марыя Валодзіна – Vatican News

24-27 чэрвеня 2024 года ў Рыме пройдзе 97-я пленарная сесія Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO). Як паведаміла Дыкастэрыя па справах Усходніх Цэркваў, сустрэча пройдзе ў канферэнц-зале Генеральнай курыі Таварыства Езуса.

Праца асамблеі распачнецца ў панядзелак, 24 чэрвеня, з пасяджэння арганізацыйнага камітэта. У аўторак, 25 чэрвеня, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў і старшыня ROACO, узначаліць Эўхарыстычнае набажэнства, падчас якога ўзгадаюць жывых і памерлых ахвярадаўцаў, памоляцца аб міры ў краінах, пацярпелых ад вайны, а таксама давераць Пану і заступніцтву Маці Божай ход сесій і краіны, якія працягваюць пакутаваць ад наступстваў вайны.

25 чэрвеня асноўная ўвага асамблеі будзе нададзена сітуацыі ў Святой Зямлі. Перад удзельнікамі выступяць арцыбіскуп Адольфа Ціта Ілана, апостальскі нунцый у Святой Зямлі, і айцец Франчэска Патан, Кусташ Святой Зямлі, а таксама віцэ-канцлер Віфлеемскага ўніверсітэта Эрнан Сантас.

У другой палове дня арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, прапануе агляд дыпламатычнай дзейнасці Святога Пасада з асаблівай увагай да Украіны, Блізкага Усхода і Эфіопіі. Наступная сесія будзе прысвечана сітуацыі ў Нагорна-карабахскім рэгіёне. З дакладам выступіць Геворк Сараян, кіраўнік сацыяльнай службы Эчміядзіна і прадстаўнік Вярхоўнага Патрыярха і Каталікоса ўсіх армян Карэкіна II.

Наступны дзень асамблеі, 26 чэрвеня, будзе прысвечаны душпастырству ўсходніх католікаў за межамі краін. З дакладамі пра сучасныя праблемы і магчымасці выступяць біскупы і святары з розных куткоў свету. Кардынал Марыё Дзенары, апостальскі нунцый у Сірыі, паведаміць аб новым праекце Адкрытыя шпіталі.

Праца завершыцца 27 чэрвеня пленарнай сесіяй арганізацыйнага камітэта. Чакаецца, што ў той жа дзень удзельнікаў сустрэчы прыме на аўдыенцыі Францішак.

Акрамя дакладчыкаў, у мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі каталіцкіх устаноў, якія ўваходзяць у склад ROACO, кіраўнікі і супрацоўнікі Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, прадстаўнікі секцыі па сувязях з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята, прадстаўнікі Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, місіянерскія арганізацыі.

22 чэрвеня 2024, 10:11