Пошук

Ватыкан: армянскі каталікос агучыў ідэю пра III Ватыканскі Сабор

Ідэя Трэцяга Ватыканскага Сабора з актыўным удзелам некаталіцкіх Цэркваў – адна з тэм, якія абмяркоўваліся падчас сустрэчы Каталікоса Кілікіі Армянскай Апостальскай Царквы Арама I з Папам Францішкам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх быў прыняты Святым Айцом 12 чэрвеня 2024 года, а тэмы, якія абмяркоўваліся падчас прыватнай аўдыенцыі, былі раскрыты на сайце Каталікасата.

Першы пункт размовы з Папам тычыўся неабходнасці пашырэння і пераўтварэння экуменічных адносін у партнёрства, а другі – неабходнасці ўстанаўлення агульнай даты Вялікадня, тэма, якая абмяркоўваецца таксама з многімі іншымі Усходнімі Цэрквамі. Гаворка ішла і пра праблемы Лівана, важнасць умацавання суіснавання хрысціян і мусульман у Бейруце і вырашэнне інстытуцыйнага крызісу з абраннем прэзідэнта.

Гаворка зайшла і пра Нагорны Карабах. Пасля вайны 2021 года, якая скончылася балючым для Арменіі мірам, кантроль над шырокімі тэрыторыямі перайшоў да Азербайджана. Армянскі бок неаднаразова асуджаў "культурны генацыд", які адбываецца там. Арам I асабліва падкрэсліў цяжкія ўмовы ўтрымання армянскіх зняволеных у Азербайджане, а таксама неабходнасць вяртання армян з Нагорнага Карабаха на Радзіму пад міжнароднай абаронай.

Пытанне аб магчымым Трэцім Ватыканскім Саборы стала чарговым пунктам парадку дня. Было падкрэслена асаблівае значэнне актыўнага ўдзелу у ім некаталіцкіх Цэркваў.

Акрамя аўдыенцыі ў Францішка, Каталікос правёў некалькі іншых сустрэч. У Дзяржсакратарыяце, у адсутнасць кардынала П’етра Параліна, Арам I сустрэўся з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, сакратаром Святога Пасада па адносінах з дзяржавамі, з якім абмеркаваў сітуацыю ў Ліване, пытанне армянскіх ваеннапалонных, што змяшчаюцца ў Азербайджане, і прэзідэнцкіх выбараў у Ліване. Кардынал Паралін наведае Ліван 22-23 чэрвеня 2024 года.

Арам I таксама сустрэўся з кардыналам Куртам Кохам, прэфектам Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству. Яны абмеркавалі актуальныя выклікі экуменічнага руху і тэалагічны дыялог паміж Каталіцкімі і Усходнімі Цэрквамі.

Каталікос засяродзіў увагу кардыналаа Клаўдыё Гуджэроці, прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў, на супрацоўніцтве паміж Каталіцкім Касцёлам і праваслаўнымі і пратэстанцкімі Цэрквамі на Блізкім Усходзе. Абмяркоўваўся таксама іслама-хрысціянскі дыялог.

Важнай стала сустрэча з кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам, прэфектам Дыкастэрыі веравучэння, з якім вялася размова пра важнасць пераацэнкі тэалогіі ў святле сучасных выклікаў.

Асаблівае значэнне мела лекцыя, прачытаная Арамам І 11 чэрвеня 2024 года ў Папскім усходнім інстытуце. Яна была прысвечана тэме Рэлігія ў геапалітыцы Блізкага Усходу.

Каталікос падкрэсліў той факт, што рэлігія адыгрывае пераўтваральную ролю ў адказе на зменлівыя геапалітычныя ўмовы. У прыватнасці, менавіта монатэістычныя рэлігіі – юдаізм, хрысціянства і іслам – мелі ключавое значэнне ў фарміраванні палітычных, культурных і грамадскіх сцэнарыяў у Еўропе і на Блізкім Усходзе.

Затым Арам I акрэсліў дынаміку ўплыву рэлігіі на геапалітыку Блізкага Усходу, закрануў найбольш важныя пытанні, пачынаючы з неабходнасці спалучэння веры і розуму, звярнуў увагу на складаныя адносіны паміж рэлігіяй і палітыкай і падкрэсліў неабходнасць развіцця ўзаемнага даверу і міру, заснаванага на справядлівасці.

Нарэшце, Каталікос казаў пра ролю рэлігіі ў садзейнічанні мірнаму суіснаванню, вырашэнні канфліктаў і развіцці ўзаемнага даверу ў блізкаўсходніх грамадствах. Зыходзячы з гэтага, ён прапанаваў арганізаваць сустрэчу рэлігійных лідараў у Іерусаліме, заклікаючы да ўзгодненых намаганняў на карысць міру і згоды паміж трыма асноўнымі рэлігіямі.

Каталікасат Кілікіі Армянскай Апостальскай Царквы знаходзіцца ў Антэліясе ў Ліване, куды ён быў пераведзены ў 1930 годзе пасля генацыду армян, і з'яўляецца, разам з Эчміядзінам, адным з двух вялікіх цэнтраў Армянскай Апостальскай Царквы.
 

20 чэрвеня 2024, 09:47