Пошук

Ватыканская апостальская бібліятэка Ватыканская апостальская бібліятэка  

Ватыканская бібліятэка пачне выкарыстоўваць тэхналогіі Web3

Ватыканская бібліятэка заключыла пагадненне з вядучай японскай кампаніяй у галіне інфармацыйных тэхналогій NTT DATA аб пашырэнні праекта па захаванню і распаўсюджванню спадчыны з дапамогай тэхналогіі Web3.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Кампанія NTT DATA Italia і Ватыканская бібліятэка запусцілі ў Італіі праект, які дае эксклюзіўную магчымасць атрымаць доступ да алічбаваных фондаў бібліятэкі тым карыстальнікам, якія падзеляцца праектам у сацыяльных сетках або падтрымаюць бібліятэку ахвяраваннем. У Японіі эксперыментальная фаза праекта была запушчана ў лютым 2023 года.

Праект накіраваны на пашырэнне інтэрнэт-супольнасці чытачоў Ватыканскай бібліятэкі з выкарыстаннем тэхналогій Web3 і NFT. Італьянскія карыстальнікі, якія прымуць удзел у праекце да 16 ліпеня, атрымаюць доступ да высакаякасных выяў 15 манускрыптаў (NFT Silver) або да ўсіх выяў на выбар (NFT Gold). Праект таксама ўключае ў сябе выкарыстанне новых лічбавых фарматаў, такіх як XR.

Генеральны дырэктар NTT DATA Italia Людавіка Дыяс падкрэсліў важнасць 10-гадовага супрацоўніцтва з Ватыканскай бібліятэкай для захавання і распаўсюджвання яе культурнай спадчыны.

Прэфект бібліятэкі ксёндз Маўра Мантавані высока ацаніў ролю NTT DATA у падтрымцы місіі бібліятэкі па распаўсюджванню яе спадчыны сярод грамадскасці, незалежна ад паходжання, культуры, рэлігіі, палітыкі ці ідэалогіі. “Лічбавы інструмент AMLAD спрыяў доўгатэрміноваму захаванню неацэннай спадчыны”, - сказаў прэфект, выказаўшы надзею на пашырэнне ініцыятывы “з рознымі партнёрамі па ўсім свеце”.

Фонды Ватыканскай апостальскай бібліятэкі складаюцца з рукапісаў, архіўных матэрыялаў, старажытных і сучасных друкаваных кніг, манет і медалёў, гравюр і малюнкаў, картаграфічных матэрыялаў і фотаздымкаў. Карыстацца бібліятэкай могуць навукоўцы і даследчыкі з усяго свету незалежна ад этнічнай і рэлігійнай прыналежнасці. Бібліятэка спецыялізуецца на філалагічных, гістарычных, тэалагічных, юрыдычных і іншых навуковых дысцыплінах.

18 чэрвеня 2024, 12:44