Пошук

Каталог “Contemporanea 50" Каталог “Contemporanea 50" 

Ватыканскія музеі: новы каталог калекцыі сучаснага мастацтва

Выйшаў у свет каталог “Contemporanea 50. Калекцыя сучаснага мастацтва Ватыканскіх музеяў, 1973-2023. Вытокі, гісторыя, пераўтварэнні”. Ён прысвечаны пяцідзесяцігоддзю мастацкай калекцыі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прэзентацыя каталога адбудзецца ў чацвер, 20 чэрвеня, у 17.30. Яна пройдзе ў канферэнц-зале Ватыканскіх музеяў з удзелам дырэктара Барбары Яты, экспертаў і куратараў: Міколь Форці, Франчэскі Баскеці і Разаліі Пальярані.

Каталог прасочвае гісторыю самай маладой папскай калекцыі, якая імкнецца падтрымліваць баланс паміж традыцыямі і інавацыямі. Выданне падрабязна аналізуе ідэі і намеры, якія ляжаць у аснове калекцыі, яе эвалюцыю і перспектывы.

У інтэрв’ю ватыканскім СМІ адна з куратараў каталога Міколь Форці падкрэсліла важную ролю сучаснага мастацтва як “інструмента для мыслення, разважання, стымулявання сумневаў, пытанняў, новых ведаў”. “Дыялог паміж сучаснымі творамі і творамі іншых эпох і цывілізацый можа заахвочваць да новых поглядаў, новых разважанняў. Гэта адно з самых высокіх вучэнняў, якія пакінуў нам Павел VI”, - лічыць мастацтвазнаўца.

Калекцыя, створаная Паўлам VI у 1973 годзе, вырасла з 950 да больш за 9000 твораў і сведчыць пра важную сувязь, якая існуе паміж Касцёлам і сучаснай культурай, верай і мастацтвам.

Да юбілею калекцыі былі прымеркаваны таксама такія мерапрыемствы, як сустрэча Папы з дзеячамі культуры і мастацтва ў Сіксцінскай капэле і выстава Contemporanea 50, якая праходзіла з 23 чэрвеня па 24 верасня 2023 года.

Старонкі каталога Contemporanea 50
Старонкі каталога Contemporanea 50
18 чэрвеня 2024, 17:05