Падчас асамблеі Сінода ў кастрычніку 2023 года Падчас асамблеі Сінода ў кастрычніку 2023 года  (ANSA)

Апублікаваны Рабочы дакумент другой сесіі Сінода

Апублікаваны асноўны тэкст, якім будуць кіравацца ў сваёй працы ўдзельнікі Другой сесіі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сінода, якая адбудзецца ў Ватыкане 2-27 кастрычніка 2024 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дакумент з’яўляецца працягам усяго сінадальнага працэсу, які пачаўся ў 2021 годзе. Ён вылучае прапановы па пераўтварэнні Касцёла ў яшчэ больш "сінадальны ў місіі” і актыўны праз удзел усіх ахрышчаных, бліжэйшы да народа. Сярод пунктаў для разважанняў – пашырэнне прысутнасці жанчын і неабходнасць празрыстасці і падсправаздачнасці.

Як быць місіянерскім сінадальным Касцёлам? – гэта асноўнае пытанне, з якога пачынаецца Instrumentum laboris. Дакумент, апублікаваны 9 ліпеня 2024 года, і прадстаўлены ў Зале Друку Святога Пасада, не прапануе "гатовых адказаў" – гэта хутчэй "указанні і прапановы" аб тым, як Касцёл у цэлым можа адказаць на неабходнасць быць "сінадальным у місіі", бліжэйшым да людзей, менш бюракратычным, домам і сям'ёй Бога, у якой усе ахрышчаныя нясуць сумесную адказнасць і ўдзельнічаюць у яе жыцці, адрозніваючы свае розныя служэнні і ролі.

Пяць частак дакумента

Тэкст складаецца з пяці раздзелаў: уводзін, асноўных палажэнняў і трох цэнтральных частак. Уводзіны нагадваюць пра пройдзены шлях і падкрэсліваюць ужо дасягнутыя мэты, напрыклад, шырокае выкарыстанне сінадальнай метадалогіі Размовы ў Духу.

Затым ідуць асноўных палажэнні (№ 1-18), якія засяроджваюцца на разуменні сінадальнасці, якая разглядаецца як шлях навяртання і рэформы. У свеце, пазначаным падзеламі і канфліктамі, падкрэсліваецца тут, Касцёл пакліканы быць знакам адзінства, прыладай прымірэння і слухання ўсіх, асабліва бедных, маргіналізаваных, меншасцей, пазбаўленых улады.

Пашана да жанчын у Касцёле

Асноўныя палажэнні даюць вялікую прастору (№ 13-18) для разважанняў аб ролі жанчын ва ўсіх сферах жыцця Касцёла, падкрэсліваючы “неабходнасць больш поўнага прызнання” іх харызмы і паклікання. “Бог выбраў некаторых жанчын у якасці першых сведак і абвяшчальніц уваскрасення”, нагадваецца ў Рабочым дакуменце, таму яны “дзякуючы хросту знаходзяцца ў стане поўнай роўнасці, атрымліваюць такое ж выліванне дароў Духа Святога і пакліканне да служэння місіі Хрыста”.

Удзел і адказнасць

У некаторых культурах, вынікае з тэксту, “застаецца моцнай прысутнасць маскулізму”, па гэтай прычыне на другой сесіі Сінода прапануецца абмеркаванне "больш шырокага ўдзелу жанчын у працэсах касцёльнага распазнавання і на ўсіх этапах прыняцця рашэнняў", "больш шырокага доступу да адказных пасад у дыяцэзіях і касцёльных установах", у семінарыях і інстытутах, на тэалагічных факультэтах, а таксама "ў ролі суддзяў у кананічных працэсах". Прапановы таксама тычацца кансэкраваных жанчын: гаворка ідзе пра "больш шырокае прызнанне і больш рашучую падтрымку" іх жыцця і харызмы, а таксама іх “працы на адказных пасадах”.

Працягваюцца тэалагічныя разважанні над жаночым дыяканатам

Што тычыцца допуску жанчын да дыяканскага служэння, Рабочы дакумент паведамляе, што гэтага просяць “некаторыя мясцовыя Касцёлы”, у той час як іншыя “зноў заяўляюць пра сваю нязгоду” (№ 17). Падкрэсліваецца, што тэма “не стане прадметам працы” ў кастрычніку, але даецца высокая ацэнка таго факту, што “тэалагічныя разважанні працягваюцца”. У любым выпадку, разважанне над роляй жанчыны “падкрэслівае жаданне ўмацавання ўсіх паслуг, якія выконваюць свецкія вернікі”, бо неабходна, каб “яны, належным чынам падрыхтаваныя, таксама маглі ўнесці свой уклад у прапаведаванне Слова Божага нават падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі” (№ 18).

Частка I – Адносіны з Богам, паміж братамі і Касцёламі

Пасля ўводзін і асноўных палажэнняў Дакумент засяроджваецца на адносінах (№ 22-50), якія дазваляюць Касцёлу быць сінадальным у місіі, – на адносінах з Богам Айцом, паміж братамі і сёстрамі і паміж Касцёламі. Харызмы, служэнне і пасвячанае служэнне неабходныя ў свеце і для свету, які, сярод столькіх супярэчнасцей, шукае справядлівасці, міру і надзеі. З мясцовых Касцёлаў чуецца таксама голас маладых людзей, якія просяць Касцёла не структурнага ці бюракратычнага, але заснаванага на адносінах, якія абуджаюць і перажываюцца ў дынаміцы і шляху. З гэтага пункту гледжання кастрычніцкая асамблея зможа прааналізаваць прапанову аб стварэнні новых відаў служэння, напрыклад служэння “слухання і суправаджэння”.

Частка II – Шляхі станаўлення і супольнаснага распазнавання

Адносіны павінны развівацца па-хрысціянску (№ 51-79) шляхам навучання і “распазнавання ў супольнасці”, што дазволіць Касцёлам прымаць адпаведныя рашэнні, фармулюючы адказнасць і ўдзел усіх. "Перапляценне пакаленняў – гэта школа сінадальнасці. Кожны, слабы і моцны, дзеці, маладыя і старыя, павінны многае атрымаць і многае аддаць", - сцвярджаецца ў Рабочым дакуменце (№ 55).

Важнасць падсправаздачнасці

Сярод шляхоў, па якіх варта ісці, ёсць і такія, якія дазваляюць тым, хто знаходзіцца на касцёльных пасадах, празрыста адказваць за свае дзеянні на карысць місіі Касцёла. “Касцёл сінадальны мае патрэбу ў культуры і практыцы празрыстасці і падсправаздачнасці, неабходных для ўмацавання ўзаемнага даверу” - гаворыцца ў тэксце (№ 73). Падкрэсліваецца, што сёння “патрабаванне празрыстасці і падсправаздачнасці ў Касцёле і з боку Касцёла ўзнікла пасля страты даверу з прычыны фінансавых скандалаў і, перш за ўсё, сексуальных і іншых злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх і ўразлівых людзей”. “Фактычна, адсутнасць празрыстасці і форм падсправаздачнасці падсілкоўвае клерыкалізм” (№ 75), - лічаць аўтары.

Неабходнасць у ацэначных структурах

Падсправаздачнасць і празрыстасць, настойвае Рабочы дакумент, таксама ўплываюць на “душпастырскія планы, метады евангелізацыі і тое, як Касцёл ставіцца да паважання годнасці чалавечай асобы, напрыклад, у дачыненні да ўмоў працы ў сваіх установах” (№ 76). Адсюль заклік да стварэння "неабходных структур і форм ацэнкі таго, як выконваюцца ўсе віды службовых абавязкаў” (№ 77). Касцёл павінен публікаваць штогадовую справаздачу як па кіраванні актывамі і рэсурсамі, так і па выкананні місіі, у тым ліку ў пытаннях гарантавання бяспекі непаўналетніх і ўразлівых асоб (№ 79).

Частка III – Месцы экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу

Месцы для развіцця адносін трэба разумець як канкрэтны кантэкст, які характарызуецца культурай і дынамізмам чалавечага стану (№ 80-108). Запрашаючы да пераадолення статычнай канцэпцыі касцёльнага досведу, Рабочы дакумент прызнае множнасць магчымасцей, што дазваляе Касцёлу – адзінаму і паўсюднаму – жыць у дынамічнай цыклічнасці “месцаў”. І менавіта ў гэты гарызонт павінны быць уключаны вялікія тэмы экуменічнага, міжрэлігійнага і культурнага дыялогу. Сюды ўпісваецца і пошук форм ажыццяўлення Пятровага служэння, адкрытых для "новай сітуацыі" экуменічнага шляху (№ 102 і 107).

Пілігрымы надзеі

Instrumentum laboris завяршаецца запрашэннем працягваць шлях як “пілігрымы надзеі”, у тым ліку ў перспектыве Юбілею 2025 года (№ 112).
 

09 ліпеня 2024, 12:07