Пошук

Барбадос. Ілюстрацыйнае фота Барбадос. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Арцыбіскуп Кача: сям'я нацый павінна падтрымаць малыя астравы

Аказанне дапамогі малым астраўным дзяржавам на шляху развіцця – гэта не пытанне выбару, а маральны імператыў для ўсёй міжнароднай супольнасці, сцвердзіў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Выступаючы 10 ліпеня 2024 года ў Нью-Ёрку на Палітычным форуме высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці, арцыбіскуп Габрыэле Кача падкрэсліў, што міжнародная супольнасць як сям'я нацый нясе адказнасць за падтрымку малых астраўных дзяржаў, якія развіваюцца (Small Island Developing States). Гэтыя дзяржавы знаходзяцца ў асабліва ўразлівай сітуацыі, сутыкаючыся з такімі сур’ёзным праблемамі, як велізарныя даўгі, марудны эканамічны рост, адсутнасць харчовай бяспекі, крайняя ўразлівасць да змены клімату і стыхійных бедстваў. Аказанне дапамогі гэтым краінам – гэта не пытанне выбару, а маральны імператыў для ўсёй міжнароднай супольнасці, адзначыў дыпламат.

Падкрэсліўшы важнасць Праграмы дзеянняў па дапамозе малым астраўным дзяржавам, прынятай на саміце ў Антыгуа і Барбудзе, прадстаўнік Святога Пасада звярнуў увагу на настойлівую неабходнасць фінансавання праграм, накіраваных на задавальненне патрэбаў насельніцтва гэтых краін. Ён выказаў занепакоенасць ростам цяжару запазычанасці, якая становіцца ўсё больш непасільнай і пагражае падарваць ажыццяўленне пагаднення, дасягнутага ў маі 2024 года ў Антыгуа і Барбудзе. Даўгавыя абавязацельствы заганяюць астраўныя дзяржавы ў пастку залежнасці і не дазваляюць ім вырашаць такія надзённыя праблемы, як выкараненне галечы і змена клімату. Без істотнай фінансавай падтрымкі і спісання даўгоў астраўным дзяржавам будзе цяжка інвеставаць у такія важныя сектары, як ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная абарона і інфраструктура.

У заключэнне арцыбіскуп Кача заклікаў усе дзяржавы-члены да канкрэтных дзеянняў і пашырэння супрацоўніцтва з мэтай устойлівага развіцця малых астраўных дзяржаў. Устойлівая будучыня і росквіт не толькі гэтых краін, але і ўсёй сусветнай супольнасці могуць быць дасягнутыя толькі дзякуючы калектыўным намаганням і агульнай адказнасці, сцвердзіў Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН.

11 ліпеня 2024, 10:34