Пошук

Вярхоўны суд Вялікабрытаніі Вярхоўны суд Вялікабрытаніі   (© Royal Courts of Justice)

Арцыбіскуп Пэнья Пара дасць паказанні па справе аб нерухомасці

Субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыяту выступіць у якасці сведкі ў Вярхоўным судзе Вялікабрытаніі па справе аб лонданскай нерухомасці.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Праз восем месяцаў пасля завяршэння ватыканскага судовага працэсу, на якім дзесяць абвінавачаных былі асуджаныя за розныя злачынствы, у тым ліку махлярства і карупцыю, пытанне аб нерухомасці ў лонданскім раёне Чэлсі зноў паўстала ў судзе. 4-8 ліпеня 2024 года арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара дасць у Вярхоўным судзе Вялікабрытаніі паказанні па справе аб куплі-продажы нерухомай маёмасці на Слоун-авеню.

Судовы працэс пачаўся 24 чэрвеня 2024 года ў адказ на грамадзянскі іск, пададзены ў 2020 годзе фінансістам Рафаэле Мінчонэ, адным з дзесяці асуджаных у ватыканскім працэсе. Мінчонэ ініцыяваў гэты новы працэс, каб даказаць на падставе 30 паказанняў сваю добрасумленнасць у здзелках са Святым Пасадам.

Ватыканскі суд прызнаў віну Мінчонэ ў адмыванні грошай, растраце і карупцыі, пазбавіўшы яго права займаць дзяржаўныя пасады. Фінансіст атрымаў пяць гадоў і шэсць месяцаў зняволення і штраф у памеры 8000 еўра. Федэральны апеляцыйны суд Швейцарыі канфіскаваў амаль 100 мільёнаў еўра ў некаторых абвінавачаных, у тым ліку і ў Мінчонэ.

Мінчонэ распачаў супрацоўніцтва з Ватыканам па рэкамендацыі фінансавага кансультанта Энрыка Краса (таксама асуджанага на ватыканскім судовым працэсе). Першапачаткова Мінчонэ павінен быў даць ацэнку інвестыцыям у Анголе, прапанаваным кардыналам Анджэла Бэчу, які ў той час займаў пасаду Субстытута Дзяржаўнага сакратарыята. Мінчонэ палічыў тыя інвестыцыі рызыкоўнымі, і прапанаваў замест гэтага набыць нерухомасць у Лондане. Кошт маёмасці быў значна завышаны: ад 56 да 101 мільёна фунтаў стэрлінгаў, што нанесла значны фінансавы ўрон Святому Пасаду, якому належала 45% гэтай маёмасці.

Арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, які прыступіў да выканання сваіх абавязкаў у Ватыкане ў канцы 2018 года, выступіць у Вярхоўным судзе Вялікабрытаніі ў якасці сведкі. Брытанскія суддзі заслухаюць яго тройчы: 4, 5 і 8 ліпеня.

Адвакаты Дзяржаўнага сакратарыята падрыхтавалі мемарандум, у якім адзначаецца, што скарга Мінчонэ была пададзеная 16 чэрвеня 2020 года, калі фінансіст усё яшчэ знаходзіўся пад следствам судовых органаў Ватыкана, “у сувязі з шэрагам сур'ёзных фінансавых злачынстваў, ахвярай якіх стаў Дзяржаўны сакратарыят".

У мемарандуме таксама падкрэсліваецца, што ў ходзе судовага працэсу ў Ватыкане, які пачаўся ў ліпені 2022 года і скончыўся ў кастрычніку 2023 года, былі заслуханыя паказанні 55 сведак і выяўленая маштабная карупцыя і злоўжыванне службовым становішчам як нядобрасумленнымі службовымі асобамі, так і знешнімі суб'ектамі ў перыяд з 2012 года і да моманту набыцця маёмасці. Абарона сцвярджае, што ў паказаннях, на якія спасылаецца Мінчонэ, наўмысна не згадваюцца ключавыя пытанні, такія як завышаны рынкавы кошт нерухомасці, а сцвярджаецца толькі, што істцы “дзейнічалі добрасумленна", - адзначаецца ў мемарандуме.

Нарэшце, у мемарандуме падкрэсліваецца, што арцыбіскуп Пэнья Пара быў уцягнуты ў гэты маёмасны працэс, калі ён ужо набліжаўся да завяршэння, таму яго веды аб папярэдніх падзеях абмежаваныя. "Пазіцыя Дзяржаўнага сакратарыята ў гэтым судовым працэсе грунтуецца на спалучэнні дакументальных доказаў і пытанняў, якія трэба будзе адрасаваць Мінчонэ і іншым асобам на перакрыжаваным допыце", - гаворыцца ў мемарандуме.

04 ліпеня 2024, 12:12