Пошук

Штаб-ватэры Дыкастэрыі веравучэння Штаб-ватэры Дыкастэрыі веравучэння  (Archivio storico del Dicastero della dottrina per la fede)

Дыкастэрыя станоўча пра аб’яўленні Марыі Містычнай Ружы

Дыкастэрыя веравучэння абвясціла станоўчае меркаванне адносна аб’яўленняў Багародзіццы ў італьянскай мясцовасці Фантанеле. Аб гэтым было паведамлена ў лісце да біскупа Брэшыі, тэкст якога адобрыў Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дыкастэрыя веравучэння “не знайшла ў паведамленнях, распаўсюджаных П'ерынай Джылі, элементаў, якія наўпрост супярэчаць вучэнню Каталіцкага Касцёла аб веры і маралі”, - гаворыцца ў лісце, падпісаным кардыналам-прэфектам Віктарам Мануэлем Фернандэсам.

Гаворка ідзе пра набажэнства да Марыі Містычнай Ружы і пра пасланні, якія візіянерка П’ерына Джылі атрымала ад Мадонны ў 1947 і 1966 гадах. "У фактах, звязаных з гэтым духоўным вопытам, - гаворыцца ў лісце, - нельга знайсці негатыўных маральных ці іншых крытычных аспектаў. Наадварот, тут ёсць некалькі станоўчых аспектаў, якія вылучаюцца ў пасланнях ў цэлым, і іншыя, якія, наадварот, заслугоўваюць тлумачэння, каб пазбегнуць непаразуменняў".

Найбольш важным Дыкастэрыя лічыць той факт, што тэксты Джылі “выказваюць сціплы і поўны давер да мацярынскага дзеяння Марыі”. Тут няма “праяў ганарыстасці, самадастатковасці або марнасці”.

У дзённіках візіянеркі, тлумачыць Дыкастэрыя, ёсць таксама “не заўсёды адэкватныя выразы, якія патрабуюць інтэрпрэтацыі”. Іх заўсёды трэба чытаць разам з толькі што вылучанымі станоўчымі паведамленнямі. Гэта тэксты, у якіх Мадонна прадстаўлена як пасрэдніца, што выконвае ролю абмежавальніцы ў Боскім правасуддзі і “жудасных пакараннях”.

Нарэшце, у лісце згадваюцца выразы, якія П'ерына не тлумачыць: Марыя Адкупіцелька, Марыя Ласкавая, Марыя Пасрэдніца і падобныя. “Трэба памятаць, - сцвярджае Дыкастэрыя, - што толькі Езус Хрыстус з’яўляецца нашым адзіным Адкупіцелем. У той жа час варта памятаць, што толькі Пан можа дзейнічаць у сэрцах людзей, даючы асвячальную ласку, што ўзвышае і перамяняе”.

Аб’яўленні Марыі Містычнай Ружы і Маці Касцёла звязаны з мясцовасцю Фантанеле, размешчанай на поўдзень ад Мантык’яры, у правінцыі Брэшыа. Візіянеркай была П'ерына Джылі, якая нарадзілася ў сялянскай сям'і, працавала хатняй прыслугай і медсястрой у бальніцы і вяла вельмі просты лад жыцця да сваёй смерці ў 1991 годзе ва ўзросце 80 гадоў.

Містычныя з'явы, у якіх яна з'яўляецца галоўным героем, ахопліваюць два перыяды часу: першы адносіцца да 1947 года, калі Мадонна з'явілася П'ерыне, прадстаўляючы сябе як Містычная Ружа і Маці Касцёла. На белай сукенцы Марыі Джылі бачыла тры ружы – белую, чырвоную і жоўтую – сімвалы малітвы, пакаяння і пакуты. Другі цыкл аб'яўленняў адбываецца ў 1966 годзе ў Фантанеле. Тут, 13 мая, Мадонна паказвае П'ерыне пэўную крыніцу як месца ачышчэння і крыніцу ласкі. Ужо ў 1966 годзе тут пачалі будаваць санктуарый, які меў форму не касцёла, а адкрытага амфітэатра. З аднаго боку знаходзіцца капліца для эўхарыстычнай цэлебрацыі, з другога – другая, меншая капліца для аховы крыніцы, аб якой ідзе мова ў аб’яўленні.

У 1960-я гады тагачасны біскуп Брэшыі Джачынта Трэдзічы не верыў, што аб’яўленні маюць звышнатуральнае паходжанне, такога ж стаўлення прытрымліваліся і яго наступнікі. У красавіку 2001 года, у дзясятую гадавіну смерці П'ерыны Джылі, біскуп Джуліа Сангвінэці прызначыў святара для назірання за культам у Фантанеле. Пасля гэтага, 17 снежня 2019 года, марыйнае месца было абвешчана Дыяцэзіяльным санктуарыем Містычнай Ружы – Маці Касцёла. Гэта адбылося падчас эўхарыстычнай цэлебрацыі, якую ўзначаліў цяперашні біскуп Брэшыі П'ерантоніа Трэмаладэ, атрымальнік ліста ад Дыкастэрыі.
 

08 ліпеня 2024, 11:40