Пошук

Cвятыня Маці Божай на Скале (Madonna dello Scoglio) Cвятыня Маці Божай на Скале (Madonna dello Scoglio)  (Copyright © 2024 Nostra Signora dello Scoglio. Powered by Fondazione Madonna dello Scoglio)

Дыкастэрыя веравучэння: станоўчае рашэнне адносна святыні ў Калабрыі

Дыкастэрыя веравучэння абнародавала станоўчае меркаванне аб духоўных плёнах, якія вынікаюць з марыйных аб’яўленняў у Калабрыі, на поўдні Італіі. Касцёлу дазваляецца заахвочваць вернікаў да наведвання і ўшанавання святыні Маці Божай на Скале (Madonna dello Scoglio).

Марыя Валодзіна - Vatican News

У адпаведнасці з новымі правіламі Дыкастэрыі, апублікаванымі 17 мая 2024 года, прызнаюцца толькі духоўныя плёны гэтых з'яў, але не іх звышнатуральнасць. Вернікам дазваляецца ўшаноўваць марыйныя аб’яўленні ў святыні Маці Божай на Скале. Дазвол варта разумець не "як адабрэнне звышнатуральнага характару з'явы", а як прызнанне духоўнага досведу. Аб гэтым у лісце да біскупа Локры-Джэрачэ паведаміў прэфект Дыкастэрыі веравучэння, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс. Тэкст ліста адобрыў Францішак.

"У нашым секулярызаваным свеце, у якім многія праводзяць сваё існаванне без увагі да трансцэндэнтнасці, пілігрымы, якія наведваюць святыню Маці Божай на Скале, з'яўляюцца магутнай прыкметай веры", - напісаў кардынал Фернандэс.

11 мая 1968 года малады селянін Козіма Фрагамені паведаміў аб тым, што бачыў на скале Панну Марыю, якая заклікала да малітвы і навяртання. Аб’яўленні адбываліся ў мястэчку Санта-Даменіка-дзі-Плаканіка ў Калабрыі і працягваліся чатыры дні. Козіма стварыў на іх месцы капліцу, паставіўшы ў нішу мармуровую статуэтку Панны Марыі. Неўзабаве капліца пачала збіраць пілігрымаў з усёй Італіі і з-за яе межаў. З цягам часу яна пачала прыносіць відавочныя духоўныя плёны, такія як навяртанні, пакліканні і сведчанні міласэрнасці.

Гэта падштурхнула дыяцэзію да будаўніцтва больш вялікай святыні. 22 мая 2013 года на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане францішканскі тэрцыярый Козіма Фрагамені звярнуўся да Папы з просьбай благаславіць першы камень у падмурак святыні. 11 лютага 2016 года біскуп Локры-Джэрачэ, мансеньёр Франчэска Аліва, надаў ёй статус дыяцэзіяльнай святыні з тытулам Маці Божай на Скале, а 10 ліпеня 2017 года даручыў апеку над ёй супольнасці Місіянераў евангелізацыі.

Адначасова з лістом Дыкастэрыі веравучэння выйшаў дэкрэт біскупа Алівы, які заахвочвае “пілігрымкі, сходы і малітоўныя сустрэчы” ў святыні Маці Божай на Скале, а таксама запрашае вернікаў прыняць удзел ва ўрачыстым святкаванні, якое адбудзецца ў гэтым санктуарыі 5 жніўня 2024 года.

16 ліпеня 2024, 12:59