Дзіцячыя канікулы ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Удзельнікі праходзяць па слядах рыцараў, якія фарміруюць высакароднасць сэрца і навучаюць чуласці да слабых і патрабуючых. У арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць ксяндзы салезіяне і сёстры салезіянкі, у харызме якіх клопат аб падрастаючым пакаленні па прыкладзе святога Яна Боска.
Летнік праходзіць у духу папулярных у Італіі араторыяў. Манахі падкрэсліваюць, што гаворка ідзе не толькі пра адпачынак на канікулах, але і пра тое, каб за гэты час нечаму навучыцца, а перш за ўсё, каб кожнае дзіця сярод розных гульняў і заняткаў адчула, што Езус – яго сябар.
Раніцай дзеці гуляюць у басейне і на спартыўных пляцоўках каля Ватыканскіх музеяў, дзе, між іншым, ёсць тэнісны корт, баскетбольная і футбольная пляцоўкі. Затым, калі спякота становіцца небяспечнай, яны шукаюць прытулку ў Зале Паўла VI, дзе прыбралі большую частку крэслаў, каб стварыць прастору для гульняў. У месцы, дзе Папа традыцыйна сустракаецца з пілігрымамі, сярод іншага стаяць надзіманыя горкі, настольны футбол і гіганцкія блокі Lego, а таксама сцэна, на якой ставяцца спектаклі. У атрыуме – імправізаваная сталоўка, дзе дзеці збіраюцца на сняданак, абед і падвячорак.
Дзіцячае лета пачалося ў Ватыкане яшчэ 17 чэрвеня 2024 года – на пачатку школьных канікул у Італіі, і будзе доўжыцца да 26 ліпеня. Праект арганізаваны і фінансуецца Губернатаратам Дзяржавы Ватыкан.
Летнія лагеры – гэта вялікая дапамога бацькам, якія павінны клапаціцца пра сваіх дзяцей на працягу трох месяцаў летніх канікул, хоць самі яны не маюць такога працяглага адпачынку. У пяцітыднёвым праекце прымаюць удзел больш за 250 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 13 гадоў. Традыцыйна іх наведвае Папа.