Дзяржсакратар у Палерма: развіваць культуру законнасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
У святкаваннях прынялі ўдзел біскупы Сіцыліі на чале з арцыбіскупам Карада Ларэфічэ, а таксама шматлікія вернікі: моладзь, дарослыя, пажылыя людзі і дзеці. Падчас набажэнства гучалі малітвы на розных мовах: арабскай, іўрыце, кітайскай, румынскай, тамільскай і ўкраінскай.
Дзяржсакратар перадаў вернікам прывітанне і благаслаўленне Папы Францішка. У сваёй прамове ён падкрэсліў важнасць сведчання святой Разаліі і іншых сіцылійскіх святых, як узораў мужнасці і веры ў Хрыста. Бог заклікае чалавека, кожнага з нас, шукаць Яго аблічча і слухаць Яго Слова. Чалавецтва жадае бачыць Бога, але і Бог таксама жадае бачыць сапраўдны твар чалавецтва, - сказаў кардынал.
Святасць, да якой мы пакліканы, – гэта не статычная маральная дасканаласць, а дынамічныя адносіны з Богам, якія ўключаюць моманты блізкасці і маўчання. Іерарх заклікаў вернікаў перажыць трансфармацыю, якую здзяйсняе Хрыстус, у адваротным выпадку вера застанецца толькі “бескарысным захапленнем”.
"У 1624 годзе рэліквіі святой Разаліі пранеслі па горадзе, які быў ачышчаны і вызвалены ад эпідэміі чумы. Давайце спытаем сябе, дарагія браты і сёстры, якая чума ўсё яшчэ ахоплівае наш горад і свет”, - заахвоціў вернікаў кардынал Паралін, падкрэсліваючы важнасць евангельскай цвярозасці і служэння.
Дзяржаўны сакратар нагадаў пра тых, хто ахвяраваў сваё жыццё дзеля законнасці і справядлівасці, як ксёндз Джузэпэ Пулізі. З пралітай крыві нарадзіліся тысячы галасоў, якія заклікалі да перамен, адзначыў іерарх. Ён заахвоціў Касцёл Палерма і далей спрыяць працэсам, накіраваным на развіццё культуры справядлівасці і законнасці, супрацоўнічаць з мясцовымі арганізацыямі, якія дапамагаюць грамадзянам пераадолець менталітэт, які супярэчыць законнасці, а таксама “развіваць культуру дыялогу і розуму, каб зрабіць горад больш прыдатным для жыцця, гасцінным і прыгожым”.
У заключэнне кардынал Паралін заклікаў Касцёл Палерма шчодра прысвяціць сябе агульнаму дабру, асабліва барацьбе з новай беднасцю.