Пошук

Кардынал Гуджэроці Кардынал Гуджэроці 

Гуджэроці: вайны не было б, калі б вялікія дзяржавы жадалі дамовіцца

Прамову Папы да ўдзельнікаў 97-й пленарнай сесіі Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Цэрквам (ROACO), а таксама канфлікты ва Украіне, Святой Зямлі, Нагорным Карабаху і Эфіопіі пракаментаваў прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў у інтэрв’ю ватыканскім СМІ.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На просьбу даць ацэнку сустрэчы Папы з удзельнікамі ROACO кардынал Клаўдыё Гуджэроці адзначыў, што ў сваёй прамове Францішак закрануў найважнейшыя праблемы, якія стаяць перад Асамблеяй ініцыятыў дапамогі Усходнім Цэрквам. “Асноўная праблема – гэта вайна. Папа сказаў моцныя словы: спыніцеся, спыніцеся! Словы, якія ён паўтарае ўвесь час. Я лічу, што пасланне ўсяго пантыфікату – гэта, па сутнасці, просьба аб міры”, - сказаў іерарх, дадаючы, што Пантыфік звярнуў увагу на цяжкае становішча хрысціян, якія ратуюцца ўцёкамі з-за вайны, а таксама на сувязь паміж логікай улады і логікай вайны, а таксама на яе ўплыў на Касцёл.

Канфлікт ва Украіне

На пытанне пра канфлікт ва Украіне кардынал Гуджэроці нагадаў словы Папы аб тым, што вера не павінна ператварацца ў інструмент улады. Інструменталізацыя рэлігіі заўсёды з'яўляецца сур'ёзнай спакусай для ўлады, якая жадае мець Цэрквы на сваім баку. “Калі вы просіце, каб Царква была на вашым баку, гэта азначае, што вы адчуваеце слабасць”, - лічыць іерарх.

На пытанне, чаму Цэрквы часам дазваляюць сябе "абумоўліваць", кардынал Гуджэроці адказаў, што так склалася гістарычна: “на Усходзе Царква заўсёды глыбока атаясамліваецца з нацыянальным жыццём”. Падчас войнаў Цэрквы часта станавіліся “больш ваяўнічымі”, але адначасова “гэта і Цэрквы пакутнікаў”. Погляды Захаду на вайну змяніліся зусім нядаўна, але Усход па-ранейшаму разглядае вайну як пытанне гонару, супрацьпастаўлення сваёй ідэнтычнасці іншым, “і рызыка ў тым, што часам рэлігія становіцца інструментам для распальвання нянавісці”. Вось чаму Папа настойвае на суіснаванні, на перамовах і прымірэнні, - патлумачыў іерарх.

Вынікі ROACO

Падводзячы вынікі пленарнага пасяджэння ROACO, кардынал Гуджэроці адзначыў, што многія еўрапейскія і амерыканскія арганізацыі падрыхтавалі праекты, накіраваныя на падтрымку Усходніх Цэркваў. Асноўная ўвага надаецца падрыхтоўцы да рэканструкцыі пасля заканчэння войнаў. Старшыня ROACO паскардзіўся на “бессэнсоўнае выкарыстанне грошай з-за патурання нашым ніжэйшым інстынктам”. “Грошы ішлі на будаўніцтва, потым на разбурэнне, і зараз мы павінны зноў выдаткоўваць грошы на аднаўленне, пакуль людзі паміраюць ад голаду і адчаю”, - зазначыў іерарх.

Сітуацыя ў Нагорным Карабаху

Кардынал Гуджэроці распавёў пра сітуацыю бежанцаў з Нагорнага Карабаха. Ён адзначыў, што ў пасяджэнні ROACO прыняў удзел прадстаўнік Армянскай Апостальскай Царквы, біскуп Сараян. Святы Айцец выказаў яму словы падтрымкі і даў адчуць, што ён “не самотны ў сваіх намаганнях па аказанні дапамогі бежанцам”, - падзяліўся кардынал Гуджэроці.

Канфлікт на Блізкім Усходзе

Прэфект асудзіў “племянны характар унутранай барацьбы” на Блізкім Усходзе і знешні ўплыў дзяржаў, якія хочуць “падзяліць свет”. “Калі б вялікія дзяржавы хацелі дамовіцца, заўтра не было б вайны”, - лічыць ён.

Гуджэроці асудзіў таксама эксплуатацыю мясцовых рэсурсаў афрыканскіх краін знешнімі дзяржавамі, назваўшы яе “неакаланіялізмам”. “Паглядзіце на прыродныя багацці, якія ў іх ёсць. Куды ідуць гэтыя грошы? У іх вельмі высокі міжнародны доўг, які яны ніколі не змогуць пагасіць”, - сказаў іерарх.

Занепакоенасць сітуацыяй у Ліване

Ліван – гэта калыска Усходніх Цэркваў, якая “стаіць на каленях, так як і Сірыя”. “Сірыя ў гады росквіту і Сірыя сёння – гэта ўсё роўна што Дрэздэн пасля бамбардзіровак”, лічыць кардынал Гуджэроці. Калі вайна распаўсюдзіцца і на Ліван, паўстане яшчэ адна драматычная праблема. Іерарх падкрэсліў важнасць захавання гістарычных хрысціянскіх супольнасцяў, якія “абапіраюцца на традыцыю Езуса і яго першых вучняў”.

Сітуацыя ў Эфіопіі

Гуджэроці распавёў пра наступствы вайны ў Эфіопіі: разбураныя школы і цэрквы, масавы адток маладых людзей, многія з якіх гінуць у Міжземным моры.

Напрыканцы інтэрв'ю ён звярнуўся да еўрапейцаў з заклікам прытрымлівацца сваіх фундаментальных каштоўнасцяў і культурнай спадчыны.

01 ліпеня 2024, 12:14