Пошук

Ватыканскі Палаца-Сан-Уфіцыа, сядзіба Дыкастэрыі веравучэння Ватыканскі Палаца-Сан-Уфіцыа, сядзіба Дыкастэрыі веравучэння 

Галандскія аб’яўленні – адсутнасць звышнатуральнасці

Дыкастэрыя веравучэння абнародавала негатыўнае і канчатковае меркаванне кардыналаў, якія ў 1974 годзе аднагалосна заявілі аб незвышнатуральнасці меркаваных аб’яўленняў Уладаркі Усіх Народаў у Амстэрдаме. Рашэнне зацвердзіў Папа Павел VI.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ведамства Святога Пасада, пайшло на такі крок, публікуючы вердыкт з мінулага, каб пазбегнуць любога роду блытаніны. Рашэнне грунтуецца на канкрэтных і правераных фактах і доказах, якія сведчаць аб несапраўднасці меркаванага аб’яўлення.

25 сакавіка 1945 года, у 600-годдзе эўхарыстычнага цуду ў Амстэрдаме, Іда Пірдэман паведаміла, што бачыла Багародзіцу, якая прадставілася ёй Уладаркай Усіх Народаў. Нарадзіўшыся ў Алкмары ў 1905 годзе, апошняя з пяці дзяцей, Іда страціла маці ва ўзросце 8 гадоў і неўзабаве пасля гэтага пераехала з сям'ёй у Амстэрдам, дзе заставалася да сваёй смерці ў 1996 годзе. За меркаваным аб’яўленнем 25 сакавіка рушыла ўслед яшчэ 55 аб’яўленняў – яны працягваліся да 1959 года. За 14 гадоў Маці Божая, па словах Іды, загадзя адкрыла ёй некалькі падзей, у тым ліку смерць Пія XII, і паказала свой уласны вобраз, які пасля быў напісаны мастаком Генрыхам Рэпке. Сёння ён захоўваецца ў капліцы, пабудаванай у 1973 годзе ў жылым квартале на поўдні Амстэрдама.

У 1956 годзе тагачасны біскуп Гарлема-Амстэрдама Ёханэс Петрус Хюйберс заявіў аб незвышнатуральнасці меркаваных аб’яўленняў. У маі 1974 годзе Кангрэгацыя веравучэння санкцыянавала канчатковае адмоўнае рашэнне. У 1996 годзе пераемнік Хюйберса, біскуп Хені Бомерс, па ўзгадненні са Святым Пасадам, пагадзіўся на культ Уладаркі Усіх Народаў, не прызнаючы пры гэтым меркаваных аб'яўленняў. У сваю чаргу яго пераемнік, біскуп Ёс Пунт, прызнаў іх сапраўднасць у 2002 годзе, аднак зрабіў гэта без узгаднення са Святым Пасадам.

Праз тры гады, у 2005 годзе, Кангрэгацыя веравучэння выдаліла некаторыя словы з малітвы, якую падчас меркаваных аб’яўленняў пачула і перадала Іда Пірдэман, бо яны не адпавядалі каталіцкай дактрыне. Нарэшце, 30 снежня 2020 года новы біскуп Харлема Ёханэс Хендрыкс “пасля кансультацый з Кангрэгацыяй веравучэння і ў згодзе з ёй” заявіў, што “выкарыстанне ў адносінах да Марыі тытулу Уладарка Усіх Народаў само па сабе тэалагічна дапушчальнае”, аднак “прызнанне гэтага тытула нельга разумець як нават ускоснае прызнанне звышнатуральнасці некаторых з'яў”, паколькі Кангрэгацыя на гэты конт дала “адмоўнае меркаванне”, якое ў 1974 годзе “зацвердзіў Павел VI”.

Сярод розных паведамленняў, якія Марыя пакінула Ідзе, была таксама просьба аб прызнанні Касцёлам догмату аб Марыі як “Саадкупіцельцы”. Яна прагучала 8 снежня 1952 года. У сувязі з гэтым можна ўспомніць словы Папы Францішка, сказаныя ім прынамсі двойчы. 3 красавіка 2020 года ў гаміліі падчас ранішняй Імшы ў Доме святой Марты Пантыфік сказаў: “Маці Божая не хацела адбіраць у Езуса ніякага тытула... Яна не прасіла зрабіць яе квазі-адкупіцелькай або са-адкупіцелькай. Адкупіцель адзін, і гэты тытул не падвойваецца". На агульнай аўдыенцыі 24 сакавіка 2021 года бало паўторанае сцвярджэнне: “Хрыстус – адзіны Адкупіцель. Са-адкупіцеляў у Хрыста няма”.
 

11 ліпеня 2024, 10:38