Пошук

Кардынал Чэрны: Сінод – гэта сумесны шлях

Увесь народ Божы ўдзельнічае ў жыцці і місіі Касцёла, нагадаў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Марыя Валодзіна - Vatican News

5 ліпеня 2024 года кардынал Майкл Чэрны наведаў чэшскі Велеград з нагоды Нацыянальнай пілігрымкі. Ён выказаў арганізатарам падзяку за запрашэнне на радзіму. “Я рады зноў вярнуцца дадому, быць тут разам з вамі”, - заўважыў іерарх. “Ушаноўваючы сёлета святых Кірыла і Мяфодзія, мы просім іх аб асаблівым заступніцтве за Касцёл, у якім праходзіць важны Сінод па сінадальнасці”, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.

Кардынал Чэрны падкрэсліў, што “Езус заклікае сваіх вучняў не паасобку, а як супольнасць”. Сінод – гэта сумесны шлях, падобна пілігрымцы, у якой вера і малітва з'яўляюцца агульным досведам. Касцёл наноў вучыцца “ісці разам", быць Касцёлам-пілігрымам ў сучасную хутка зменлівую эпоху. Сінод увасабляе гэты старажытны, але ў той жа час новы падыход да пілігрымавання ўсяго Касцёла, аб’ядноўваючы народ Божы, спрыяючы больш глыбокаму пачуццю супольнасці і агульнай мэты. "Увесь народ Божы ўдзельнічае ў жыцці і місіі Касцёла”, - сказаў іерарх.

Бачанне Святога Айца заключаецца ў гарманічным прагрэсе Касцёла, пазбяганні канкурэнцыі і канфліктаў. “Папа Францішак заклікае нас ісці гэтым шляхам, не спаборнічаючы і не змагаючыся адзін з адным, але ў гармоніі з усімі пілігрымамі народа Божага, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор”, - падкрэсліў кардынал Чэрны.

Іерарх заклікаў вернікаў у Велеградзе маліцца аб братэрстве паміж людзьмі і за Сінод, асабліва ў кастрычніку 2024 года. "Па заступніцтву святых Кірыла і Мяфодзія хай Пан благаславіць наш Касцёл і ўсіх яго пілігрымаў”, - заклікаў ён.

05 ліпеня 2024, 14:42