Пошук

Кардынал Шон Патрык О'Мэлі Кардынал Шон Патрык О'Мэлі  

Кардынал О'Мэлі: разважлівасць і спагада да ахвяр злоўжыванняў

Старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх накіраваў ліст ва ўсе дыкастэрыі Рымскай курыі, у якім заклікаў да мудрай душпастырскай разважлівасці і спагады да тых, хто пацярпеў ад сексуальных злачынстваў, здзейсненых духавенствам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Шон Патрык О'Мэлі выказаў спадзяванне, што пэўныя творы мастацтва не будуць дэманстравацца такім чынам, каб наводзіць на думку аб апраўданні або тонкай абароне меркаваных вінаватых у злоўжываннях, або дэманстраваць абыякавасць.

У апублікаванай 28 чэрвеня 2024 года заяве паведамляецца, што ў апошнія месяцы ў Папскую камісію звярнуліся ахвяры сексуальных злоўжыванняў, каб выказаць свае расчараванне і заклапочанасць з нагоды выкарыстання работ ксяндза Марка Рупніка рознымі ватыканскімі службамі. Дыкастэрыя веравучэння расследуе абвінавачванні ў псіхалагічных і сексуальных злоўжываннях з яго боку ў дачыненні да кансэкраваных жанчын.

Кардынал О’Мэлі адзначыў у лісце, што хоць у гэтай справе варта захоўваць прэзумпцыю невінаватасці, Святы Пасад павінен прадэманстраваць душпастырскую разважлівасць і спагаду да ахвяр.

Ён таксама нагадаў, што Папа Францішак заклікаў быць чулымі і салідарнымі з тымі, хто пацярпеў ад усіх форм злоўжыванняў. “Прашу вас мець гэта на ўвазе, выбіраючы выявы, якія будуць суправаджаць публікацыю навін, артыкулаў і разважанняў праз розныя даступныя нам каналы сувязі”, - звярнуўся старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.
 

02 ліпеня 2024, 11:43