Пошук

Кардынал Джэймс Майкл Харві з Францішкам падчас кансісторыя Кардынал Джэймс Майкл Харві з Францішкам падчас кансісторыя   (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Папа ўзначаліць урачыстасць кананізацыі ў Ватыкане

1 ліпеня 2024 года Францішак узначаліў Звычайны публічны кансісторый па кананізацыі і пастанавіў, што кананізацыйныя ўрачыстасці пройдуць у Ватыкане 20 кастрычніка 2024 года. Адначасова ён даў згоду на пераход трох іерархаў з сану кардыналаў-дыяканаў у сан кардыналаў-святароў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардыналы на чале з Папам разважалі аб кананізацыі благаслаўлёных: Мануэля Руіса Лопеса і сямі яго паплечнікаў з Ордэна Меншых Братоў і Францішка, Муці і Рафаэле Масабка, свецкіх вернікаў, забітых з нянавісці да веры ў сірыйскім Дамаску 9-10 ліпеня 1860 года; Джузэпэ Аламана (1851-1926), італьянскага святара, заснавальніка Інстытута Місіянераў Маці Божай Суцяшэння і Сясцёр Місіянерак Маці Божай Суцяшэння; канадкі Мары-Леоні Парадзі (свецкае імя – Віржыні Алодзі) (1840- 1912), заснавальніцы Кангрэгацыі Малых Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і; італьянкі Элены Гуэры (1835-1914), заснавальніцы Кангрэгацыі Аблатак Духа Святога; маладога свецкага верніка з Італіі Карла Акуціса (1991-2006).

Дата кананізацыі апошняга будзе вызначана пазней. Іншых залічаць у лік святых у нядзелю, 20 кастрычніка 2024 года.

Падчас кансісторыя Пантыфік ухваліў далучэнне трох кардыналаў-дыяканаў да ліку кардыналаў-святароў. Прэзбітэратамі сталі: па просьбе кардынала Джэймса Майкла Харві – дыяконія Сант-Піа-V-а-Віла-Карпэнья; па просьбе кардынала Ларэнца Балдзісэры – дыяконія Сант-Анзэльма-аль-Авенціна; па просьбе кардынала Герхарда Людвіга Мюлера – дыяконія Сант-Аньезэ-ін-Агонэ.

Як правіла, дыяканскія тытулы атрымліваюць кардыналы, якія займаюць пасады ў Рымскай курыі. Праз дзесяць гадоў яны могуць, шляхам выбару, зробленага падчас кансісторыя і зацверджанага Папам, перайсці ў сан кардынала-святара.
 

01 ліпеня 2024, 11:44