Пошук

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін падчас візіту ў Кіеў Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін падчас візіту ў Кіеў 

Паралін: Украіна павінна быць у цэнтры ўвагі сусветнай супольнасці

Італьянская Avvenire апублікавала інтэрв'ю з кардыналам П'етра Паралінам па выніках яго візіту ва Украіну. “Мы яшчэ далёкія ад узгодненага рашэння”, - адзначыў Дзяржсакратар, маючы на ўвазе ўрэгуляванне вайны шляхам дыпламатычных перамоў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

“Мы яшчэ далёкія ад узгодненага рашэння”, нягледзячы на намаганні, такія як мірная платформа Прэзідэнта Зяленскага, якую Святы Пасад “падтрымаў з самага пачатку, асабліва ў дачыненні да гуманітарнага аспекту”, - сказаў Дзяржсакратар. Гэты план, аднак, абмежаваны адсутнасцю Расіі. “Зяленскі абвясціў, што можа запрасіць Маскву на чарговую міжнародную канферэнцыю. Гэта станоўчы крок з украінскага боку. Аднак я не ведаю, ці будзе Расія ўдзельнічаць у гэтай формуле. Мне здаецца, што рэакцыя была даволі негатыўнай”, - адзначыў кардынал Паралін.

Што тычыцца адносін паміж Украінай і Святым Пасадам, то, на думку дыпламата, у апошнія месяцы яны значна палепшыліся, “былі пабудаваныя адносіны большага даверу і разумення”. Святы Пасад выступае ў якасці збалансаванай прасторы для пасярэдніцтва і дыялогу. Яго намаганні сканцэнтраваныя на гуманітарных пытаннях, такіх як рэпатрыяцыя ўкраінскіх дзяцей і абмен ваеннапалоннымі. Гэтыя гуманітарныя механізмы – адны з нямногіх адкрытых каналаў сувязі паміж Кіевам і Масквой, якія дазваляюць весці дыялог. “Гэта прыкметы надзеі”, - сказаў Дзяржсакратар. Святы Пасад “спадзяецца, што ўсё гэта дазволіць дамагчыся далейшага прагрэсу ў плане вырашэння канфлікту”.

Падчас свайго візіту ва Украіну кардынал Паралін упэўніўся ў неабходнасці захавання тэмы вайны ва Украіне ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці. “Мы не можам дазволіць сабе, каб яна стала яшчэ адным забытым канфліктам”, - сказаў ён, падкрэсліўшы важнасць пошуку новых формул, якія б спрыялі мірным шляхам.

Напрыканцы інтэрв’ю бліжэйшы супрацоўнік Папы адзначыў, што быў уражаны горам маці, якія страцілі сваіх дзяцей ва ўзросце 25-30 гадоў. “Потым ёсць параненыя, знявечаныя, інваліды. Канфлікт пакідае глыбокія сляды на целе грамадства, яму спатрэбіцца час, каб вылечыцца. Гэта сведчыць пра тое, што вайна заўсёды з'яўляецца паразай” і “ніколі не павінна выкарыстоўвацца як інструмент для вырашэння праблем”, - сказаў Дзяржсакратар.

25 ліпеня 2024, 11:14