Пошук

Кардынал Раньера Канталамеса Кардынал Раньера Канталамеса  

Прапаведніку Папскага дома – 90 гадоў

22 ліпеня 2024 года кардыналу Канталамесе споўнілася 90 гадоў. Яго жыццёвы прыярытэт – абвяшчэнне Божага Слова.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Раньера Канталамеса – капуцын, аўтар кніг і прапаведнік Папскага дома. Каб працягваць насіць францішканскі хабіт, адмовіўся ад біскупскага пасвячэння. 28 лістапада 2020 года Папа Францішак прызначыў яго кардыналам.

Раньера Канталамеса нарадзіўся ў мястэчку Колі-дэль-Тронта, у італьянскім рэгіёне Марке. У 13 гадоў “адчуў пакліканне Пана” з такой яснасцю, што ніколі не сумняваўся ў ім, у 1958 годзе стаў святаром, атрымаў ступень па тэалогіі ў Фрайбургу, па класічнай філалогіі ў Каталіцкім універсітэце Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане, дзе пазней працаваў выкладчыкам гісторыі хрысціянства і ўзначальваў кафедру рэлігійных навук. Працаваў у Міжнароднай тэалагічнай камісіі.

У 1979 годзе пакінуў выкладчыцкую дзейнасць, каб цалкам прысвяціць сябе служэнню Евенгеллю, стаўшы у 1980 годзе прапаведнікам Папскага дома пры Яне Паўле II. Наступныя Пантыфікі захавалі за ім гэтую ролю.

Канталамеса вядомы сваімі штотыднёвымі разважаннямі, з якімі ён звяртаецца да Папы і Рымскай курыі падчас Адвэнту і Вялікага посту. Акрамя таго, яго часта запрашаюць выступаць з казаннямі ў розных кутках свету, часта перад прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій.

Кардынал Канталамеса – аўтар мноства навуковых кніг на тэмы духоўнасці, перакладзеных прыкладна на дваццаць моў. З 2009 года жыве ў кляштары эрэмітаў у Чытадукале.

Сярод яго любімых хрысціянскіх аўтараў – святы Аўгусцін, які натхняе яго на глыбокія духоўныя разважанні. "Як кажа нам святы Аўгусцін, калі мы не ўвойдзем у сябе, калі мы не адступім крыху ад знешняга свету, ад шуму, мы не зможам сустрэцца з жывым Богам", - сказаў кардынал Канталамеса ў адным з інтэрв'ю ватыканскім СМІ.

23 ліпеня 2024, 13:01