Пошук

Наступствы палесціна-ізраільскага канфлікту Наступствы палесціна-ізраільскага канфлікту  (AFP or licensors)

Святы Пасад працягне фінансаваць агенцтва па дапамозе палесцінцам

Святы Пасад будзе і далей аказваць фінансавую падтрымку агенцтву ААН па дапамозе палесцінскім бежанцам, “асабліва ў святле цяперашніх абставін”, - запэўніў арцыбіскуп Габрыэле Кача.

Марыя Валодзіна - Vatican News

12 ліпеня 2024 года Пастаянны прадстаўнік Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у пасяджэнні Спецыяльнага камітэта Генеральнай Асамблеі па пытанні фінансавання Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палесцінскім бежанцам і арганізацыі работ (UNRWA/БАПАР).

Дыпламат нагадаў, што трагічныя падзеі, якія адбыліся ў Ізраілі і Палесціне пасля жахлівага тэрарыстычнага нападу 7 кастрычніка 2023 года, “аказалі надзвычай негатыўнае ўздзеянне на жыцці незлічонага мноства ні ў чым не вінаватых людзей”. Ён падкрэсліў вырашальную ролю БАПАР у задавальненні асноўных патрэб звыш 5 мільёнаў палесцінскіх бежанцаў, асабліва ў кантэксце катастрафічнага гуманітарнага крызісу ў сектары Газа.

Іерарх пацвердзіў намер Святога Пасада працягваць фінансавую падтрымку агенцтва і заклікаў усе дзяржавы-члены зрабіць тое ж самае. У той жа час, Святы Пасад лічыць “надзвычай важным захоўваць і заахвочваць нейтралітэт БАПАР, каб агенцтва магло выконваць свой мандат у адпаведнасці з рэзалюцыяй ААН 1949 года".

Ватыканскі дыпламат зноў заклікаў усе бакі, уцягнутыя ў баявыя дзеянні ў Газе, "пачаць канструктыўны дыялог па мірных прапановах", у тым ліку і па прапановах чэрвеньскай рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН.

Арцыбіскуп Кача паўтарыў заклік Святога Пасада да спынення агню на ўсіх франтах, неадкладнага вызвалення ізраільскіх закладнікаў, выканання міжнароднага гуманітарнага права і "бесперашкоднай" дастаўцы неабходнай дапамогі палесцінскаму народу. У гэтым кантэксце "Святы Пасад заклікае зноў адкрыць усе пункты ўезду ў Газу, каб палегчыць дастаўку такой неабходнай гуманітарнай дапамогі", асабліва дзецям і тым, хто жыве ў галечы.

Арцыбіскуп Кача таксама рашуча пацвердзіў заклік Святога Пасада абараніць месцы, дзе знаходзіць прытулак грамадзянскае насельніцтва, такія як школы, шпіталі, цэрквы, сядзібы ўстаноў ААН, і заклікаў усе бакі гарантаваць бяспеку гуманітарнаму персаналу, які прыкладае нястомныя намаганні для аказання дапамогі бедным.

У заключэнне Пастаянны назіральнік працытаваў адзін з апошніх пераканаўчых заклікаў Францішка да дасягнення трывалага міру ў Святой Зямлі, "пры якім дзяржавы Палесціна і Ізраіль змогуць жыць бок аб бок, руйнуючы сцены варожасці і нянавісці". “Мы ўсе павінны беражліва ставіцца да Іерусаліма, каб ён стаў горадам брацкіх сустрэч хрысціян, іўдэяў і мусульман, абароненым асаблівым статусам, гарантаваным міжнароднай супольнасцю", - завяршыў сваю прамову арцыбіскуп Кача.

14 ліпеня 2024, 09:19