Святы Пасад у ААН: маштабы голаду і галечы застаюцца трывожнымі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Выступаючы 9 ліпеня 2024 года ў Нью-Ёрку на Палітычным форуме высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці, які праводзіць Эканамічны і сацыяльны савет ААН, арцыбіскуп Габрыэле Кача падкрэсліў, што беднасць застаецца самай сур'ёзнай глабальнай праблемай, а яе пераадоленне – неабходная ўмова ўстойлівага развіцця. Па ацэнках, толькі адна траціна краін свету зможа ўдвая знізіць узровень беднасці да 2030 года, калі бягучыя тэндэнцыі захаваюцца. Дыпламат падкрэсліў, што беднасць – гэта шматгранная з'ява, якая патрабуе комплекснага падыходу: не толькі фінансавых рэсурсаў, але і стратэгій, накіраваных на задавальненне адукацыйных, сацыяльных, палітычных, культурных і духоўных патрэбаў насельніцтва.
Арцыбіскуп Кача звярнуў увагу на тое, што краіны, якія ідуць па шляху развіцця, часта сутыкаюцца з праблемай празмерных даўгоў, якія не дазваляюць ім інвеставаць у адукацыю, ахову здароўя і сацыяльную абарону. Ён заклікаў да рэструктурызацыі доўгу, каб даць гэтым краінам магчымасць інвеставаць у насельніцтва. Іерарх прапанаваў такія меры, як зніжэнне працэнтных ставак і падаўжэнне тэрмінаў пагашэння запазычанасці, нагадаўшы пра заклік Францішка да багатых краін: “дараваць даўгі тым краінам, якія не ў стане іх пагасіць”, разглядаючы гэта “не проста як шчодрасць, але і як пытанне справядлівасці”. Па яго словах, палягчэнне даўгавога цяжару дазволіць гэтым краінам разарваць заганны круг галечы і дасягнуць усебаковага развіцця чалавечага патэнцыялу.
Другая заява прадстаўніка Святога Пасада тычылася праблемы голаду. Арцыбіскуп Кача падкрэсліў, што, нягледзячы на глабальныя намаганні, маштабы голаду застаюцца трывожнымі. Эканамічныя крызісы, змена клімату і канфлікты ўзмацняюць беднасць і пазбаўляюць людзей магчымасці вучыцца і працаваць. Іерарх нагадаў словы Францішка аб тым, што "голад – гэта злачынства, а харчаванне з'яўляецца неад'емным правам чалавека".
Дыпламат падкрэсліў важную ролю недзяржаўных арганізацый і Каталіцкага Касцёла ў барацьбе з голадам, але падкрэсліў, што адных кароткатэрміновых рашэнняў, такіх як штодзённая раздача ежы, недастаткова. Ён назваў парадаксальным той факт, што, нягледзячы на наяўнасць рэсурсаў і вытворчасць дастатковай колькасці харчавання, “голад застаецца паўсядзённай рэальнасцю значнай часткі насельніцтва зямнога шара”.
Арцыбіскуп Кача заклікаў да ўстойлівай вытворчасці прадуктаў харчавання і справядлівага іх размеркавання. Ён падкрэсліў важнасць удзелу найбольш уразлівых груп насельніцтва, такіх як дробныя фермеры, карэнныя народы і жанчыны, якія граюць вырашальную ролю ў сельскай гаспадарцы, але часта не маюць рэсурсаў і магчымасцяў прыняцця рашэнняў.
Напрыканцы звароту іерарх заклікаў прыслухацца да слоў Францішка і “даць магчымасць кожнаму карыстацца пладамі зямлі, а не проста скарачаць разрыў паміж багатымі і тымі, хто вымушаны здавольвацца крошкамі, якія падаюць са стала”.