Пошук

Ядзерная зброя Ядзерная зброя 

Святы Пасад заклікаў да ядзернага раззбраення

Валоданне ядзернай зброяй стварае толькі ілюзію міру, - папярэдзіў 23 ліпеня 2024 года Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Звяртаючыся да ўдзельнікаў другой сесіі падрыхтоўчай камісіі Канферэнцыі 2026 года па разглядзе дзеяння Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, арцыбіскуп Этарэ Балестрэра нагадаў пра амаральнасць вытворчасці ядзернай зброі і валодання ёю. Ён выказаў занепакоенасць у сувязі з ростам ваенных выдаткаў на ядзерную зброю, а таксама з узмацненнем рыторыкі і пагроз, звязаных з яе магчымым прымяненнем. “Такія пагрозы з'яўляюцца абразай для чалавецтва ў цэлым, паколькі ядзерная вайна, несумненна, прывяла б да непапраўных і разбуральных наступстваў, якія пацягнулі б за сабой беспрэцэдэнтныя чалавечыя ахвяры”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Балестрэра прапанаваў абмеркаваць тры ключавыя тэмы. Па-першае, нераспаўсюджванне і раззбраенне – гэта не толькі юрыдычнае абавязацельства, але і этычная адказнасць перад усёй чалавечай сям’ёй. Па-другое, існуе неадкладная неабходнасць скарачэння ядзерных арсеналаў і ліквідацыі рызык, звязаных з новымі кібертэхналогіямі, якія інтэгруюцца ў сістэмы ядзернай зброі. Па-трэцяе, ядзерная зброя спалучана з велізарнымі выдаткамі, якія закранаюць бедныя і найбольш уразлівыя пласты насельніцтва.

У сувязі з гэтым арцыбіскуп Балестрэра нагадаў пра даўнюю прапанову Святога Пасада аб стварэнні глабальнага фонду для барацьбы з голадам і садзейнічання развіццю за кошт часткі сродкаў, якія ў адваротным выпадку траціліся б на ўзбраенне і іншыя ваенныя выдаткі.

Іерарх заклікаў да ўсеагульнага і сумленнага раззбраення, нагадаўшы пра калектыўную адказнасць міжнароднай супольнасці за дасягненне трывалага міру і бяспекі.

24 ліпеня 2024, 14:23