Пошук

Плошча святога Пятра Плошча святога Пятра 

Жанчына-прафесар у складзе ватыканскага кантрольнага органа

Прафесар Канчэта Брэшыа Мора рашэннем Папы ўвайшла ў склад Рады Упраўлення па наглядзе і фінансавай інфармацыі Апостальскай Сталіцы (ASIF).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Яна змяніла на пасадзе прафесар Антанэлу Шароне Алібрандзі, прызначаную нядаўна суддзёй Канстытуцыйнага суда Італіі.

Канчэта Брэшыа Мора з'яўляецца прафесарам эканамічнага права ва ўніверсітэце Roma Tre, дзе яна выкладае банкаўскае права і права фінансавых рынкаў, а таксама фінансавае права ЕС. У гэтым жа ўніверсітэце яна з'яўляецца дырэктарам Міжфакультэцкага даследчага цэнтра еўрапейскага банкаўскага і фінансавага права.

Пасля пачатку кар'еры ў Банку Італіі Брэшыа Мора паступіла ў Акадэмію і прысвяціла сябе навуковай дзейнасці, публікуючы ў важных нацыянальных і міжнародных часопісах. Яна, у прыватнасці, з'яўляецца аўтарам даведніка Закон аб банках (Il diritto delle banche), а таксама рэдактарам Rivista delle Società.

Прафесар Брэшыа Мора займала некалькі міжнародных пасад. Яна з'яўляецца кансультантам Еўрапейскага парламента па ўрэгуляванні банкаўскіх праблем, уваходзіла ў склад групы зацікаўленых бакоў Еўрапейскага банкаўскага органа (EBA) у якасці акадэміка вышэйшага рангу. На працягу васьмі гадоў была спачатку віцэ-старшынёй, а потым старшынёй Адміністрацыйнага савета па наглядзе (ABoR) Еўрапейскага цэнтрабанка, задачай якога з'яўляецца ацэнка законнасці рашэнняў ЕЦБ у галіне банкаўскага нагляду.

Упраўленне па наглядзе і фінансавай інфармацыі (Autorità di Supervisione e Informazione Finanziaria - ASIF) было створана Бэнэдыктам XVI у 2010 годзе для барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму, а таксама для фінансавага кантролю ў Святым Пасадзе і Ватыкане.

25 ліпеня 2024, 09:33