Арцыбіскуп Палья: паміранне павінна зноў стаць больш чалавечным
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У інтэрв'ю, апублікаваным 27 жніўня 2024 года ў Corriere della Sera, арцыбіскуп Вінчэнца Палья сказаў: "Мы занадта мала думаем пра тое, як падаўжэнне жыцця і новыя тэхналогіі спрыяюць таму, што хваробы і пакуты таксама падаўжаюцца".
На пытанне, ці застанецца актыўная эўтаназія "табу" для Каталіцкага Касцёла, іерарх адказаў: "Я думаю, што пакуты людзей павінны быць выведзены з-пад халодных механізмаў закона. Смерць робіць брудную працу, якую чалавек не павінен браць на сябе. Але смерць павінна стаць больш чалавечнай, дакладней кажучы, яна павінна зноў стаць больш чалавечнай".
Нядаўна 79-гадовы Палья апублікаваў кнігу пад назвай Малы слоўнік канца жыцця, у якой ён разгледзеў пытанні эўтаназіі і падаўжэння жыцця. Пад кіраўніцтвам італьянскага арцыбіскупа Папская акадэмія пашырыла свой тэматычны спектр і прыняла ў якасці чальцоў таксама прыхільнікаў заканадаўчай лібералізацыі ў біяэтычных пытаннях.
Пальля выказаў меркаванне, што мы знаходзімся на парозе новай эпохі, і Касцёл зразумеў гэта раней за многія ўрады і палітыкаў. Ён адзначыў, што выступленне Папы Францішка на апошнім саміце G7 пацвярджае гэта.
Іерарх параўнаў сучасную сітуацыю з мінулымі пагрозамі для чалавецтва: "З атамнай зброяй, як і са зменай клімату, чалавек можа знішчыць свет. З штучным інтэлектам існуе магчымасць радыкальна змяніць чалавека і само паняцце чалавечнасці".
Арцыбіскуп бачыць магчымасць пазбегнуць самых разбуральных наступстваў. Гэтаму здольны паслужыць “новы гуманізм, які Еўропа можа прадстаўляць як пункт пасрэдніцтва паміж Кітаем і Злучанымі Штатамі, а таксама штучны інтэлект, які выкарыстоўваецца этычна і служыць патрэбам найбольш патрабуючых, планеты і міру". Ён падкрэсліў важнасць дыялогу, але адзначыў новую складанасць: "Не ўсё праходзіць праз урады, і гэта робіць усё палітычна значна больш складаным".
У інтэрв'ю іерарх падкрэсліў сваю біяграфічную і змястоўную блізкасць да Папы Францішка. Ён пазнаёміўся з ім задоўга да канклава ў 2013 годзе на сустрэчы ў Іспаніі, калі Хорхе Марыа Берголіа быў яшчэ арцыбіскупам Буэнас-Айрэса.
"Ужо тады мы бачылі ў ім выраз новай канцэпцыі Касцёла, беднага Касцёла, які стаіць на баку бедных", - патлумачыў Палья. Такі падыход будзе захоўвацца нягледзячы на ўсе супраціўленні і апанентаў. "Магчыма, будзе супраціў і спробы змяніць курс. Але я не думаю, што гэта ўдасца", - сказаў арцыбіскуп.