Дыкастэрыя веравучэння Дыкастэрыя веравучэння  

Дыкастэрыя: Эленіту дэ Хесус нельга атаясамліваць з Паннай Марыяй

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння апублікаваў канчатковае рашэнне адносна з’яў, якія адбыліся ў санктуарыі Святой Гары ў Пуэрта-Рыка. Пры спробах атаясамліваць асобу Эленіты дэ Хесус з Езусам або Паннай Марыяй можна толькі канстатаваць адсутнасць звышнатуральнасці.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У адказе кардынала-прэфекта Віктара Мануэля Фернандэса, накіраваным 1 жніўня 2024 года на імя пуэртарыканскага біскупа Маралеса, цвёрда гаворыцца, што любыя спробы атаясамліваць Эленіту з Езусам або Маці Божай з'яўляюцца неабгрунтаванымі і памылковымі. Тэкст ліста адобрыў Папа Францішак.

Нягледзячы на адмоўнае рашэнне, кардынал Фернандэс прызнаў значнае духоўнае і гістарычнае значэнне дзейнасці Эленіты дэ Хесус для Касцёла Пуэрта-Рыка. Ён асабліва адзначыў яе ўзорнае, дабрачыннае жыццё, адданасць Евангеллю і глыбокую пашану Найсвяцейшай Панны Марыі. Эленіта дэ Хесус была місіянеркай і катэхізатаркай. Яе служэнне прыйшлося на вырашальны для каталіцкай веры перыяд у гісторый краіны, канец XIX – пачатак XX стагоддзя. Яна падзяляла пакуты і надзеі з беднымі, якія называлі яе маці.

Кардынал Фернандэс парэкамендаваў пазбягаць любых рэлігійных абрадаў, якія маглі б выклікаць блытаніну паміж асобай Эленіты і Панны Марыі, падкрэсліўшы, што любыя выразы ўдзячнасці місіянерцы не павінны згадваць аб яе звышнатуральнасці або ствараць уражанне, што яна была Паннай Марыяй. Іерарх заклікаў ушанаваць сапраўдную спадчыну Эленіты, яе сціплае і набожнае жыццё, прысвечанае служэнню бедным і евангелізацыі.

03 жніўня 2024, 13:13