Пошук

Cанктуарый Маці Божай Добрага Здароўя ў Веланкані Cанктуарый Маці Божай Добрага Здароўя ў Веланкані  

Дыкастэрыя веравучэння: Маці Божая Добрага Здароўя суцяшае ўсіх

Прэфект Дыкастэрыі веравучэння апублікаваў ліст, у якім гаворыцца, што санктуарый Маці Божай Добрага Здароўя ў Веланкані (Індыя) прыносіць шмат духоўных плёнаў, якія ідуць на карысць пілігрымаў, у тым ліку і нехрысціян.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мільёны пілігрымаў наведваюць святыню Маці Божай Добрага Здароўя ў Веланкані, што ў індыйскім штаце Тамілнад. Шматлікія духоўныя плёны дазваляюць казаць аб тым, што ў гэтым санктуарыі дзейнічае Святы Дух, гаворыцца ў лісце кардынала Віктара Мануэля Фернандэса на імя мансеньёра Сагаяраджа Тамбураджа, біскупа Танджура. Тэкст ліста, датаваны 1 жніўня 2024 года, быў адобраны Францішкам.

Уздзеянне Святога Духа на многіх нехрысціянскіх пілігрымаў

Духоўныя плёны выяўляецца таксама і ў шматлікіх нехрысціянскіх пілігрымах, якія з'язджаюцца ў санктуарый у пошуках палягчэння стану здароўя. Некаторыя з іх вылечваюцца ад хвароб, многія знаходзяць супакой і надзею. Несумненна, гэта дзейнічае Святы Дух па просьбе Панны Марыі, гаворыцца ў лісце. Гэта не варта разглядаць як форму сінкрэтызму або змешвання рэлігій. Санктуарый – месца, у якім выяўляецца блізкасць Марыі, якая вітае ўсіх і дэманструе ўсім, хто Яе сузірае, любоў Пана. “Тым, хто не можа прыняць сакрамэнты Каталіцкага Касцёла, нельга адмаўляюць у суцяшэнні Маці Езуса", - гаворыцца ў лісце.

Удзячнасць Папы за месца пакланення

На аўдыенцыі 1 жніўня 2024 года кардынал Фернандэс размаўляў з Папам Францішкам пра духоўную прыгажосць санктуарыя. “Святы Айцец надае вялікае значэнне народнай пабожнасці пілігрымаў, таму што яны адлюстроўваюць прыгажосць Касцёла, які ідзе па шляху, шукае Езуса ў абдымках Марыі і пакідае свой боль і надзею ў сэрцы Маці". Таму Францішак адчувае вялікую ўдзячнасць за гэты санктуарый і напярэдадні вераснёўскіх урачыстасцяў дасылае сваё бацькоўскае благаслаўленне ўсім пілігрымам у санктуарыі ў Веланкані.

Першае аб'яўленне Марыі

Маці Божая Добрага Здароўя ўшаноўваецца ў Веланкані пачынаючы з XVI стагоддзя. Паводле традыцыі, Панна Марыя з Дзіцем на руках аб'явілася хлопчыку, які нёс малако для пакупніка, і папрасіла трохі малака. Хлопец з гатоўнасцю падзяліўся, а калі прыйшоў да пакупніка заўважыў, што ўсё малако засталося ў пасудзіне. “Менавіта так выяўляецца шчодрасць тых, хто здольны дзяліцца з іншымі нават у беднасці. Каб быць шчодрымі, неабавязкова мець шмат. Хай у гэтым месцы зайсёды гучыць заклік да абмену, дапамогі, блізкасці да тых, хто мае патрэбу. Марыя любіць шчодрасць сваіх дзяцей", - гаворыцца ў лісце кардынала Фернандэса.

Пяшчота Марыі, Маці ўсіх

Прэфект назваў "прыгожымі” традыцыі сустрэч Багародзіцы з беднымі і хворымі ў гэтым санктуарыі. “Так выяўляецца пяшчота і блізкасць Марыі, якую Езус пакінуў нам як Маці ўсіх. Праз Яе заступніцтва Хрыстус часта пралівае сваю моц і аднаўляе здароўе хворых", - гаворыцца ў лісце. У 2002 годзе, па жаданні святога Яна Паўла II, тут адзначаўся Сусветны дзень хворых. “Таму што Панна Марыя, якая аб’явілася ў Лурдзе, таксама аб’явілася і ў Індыі як Маці Добрага Здароўя", - напісаў прэфект Фернандэс.

"Гаворка ідзе не толькі пра фізічнае здароўе, але і пра душу. Таму што перад выявай Марыі мы прызнаем усю любоў Езуса Хрыста, якая можа вылечыць наш смутак, нашу тугу, нашы страхі. Калі мы спынімся перад Марыяй, нават на кароткі момант веры і любові, яе мацярынскі погляд верне нам супакой", - гаворыцца ў лісце.

06 жніўня 2024, 12:12