Руфіні: дыскусія вакол штучнага інтэлекту патрабуе ўдзелу Касцёла
Марыя Валодзіна - Vatican News
Паола Руфіні даслаў пасланне ўдзельнікам 7-га Нацыянальнага каталіцкага кангрэса па сацыяльнай камунікацыі, які з 5 па 8 жніўня 2024 года праходзіў у горадзе Ліпа, на поўдзень ад Манілы. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Філіпін. У ім прынялі ўдзел больш за 300 каталіцкіх журналістаў і камунікатараў з 86 дыяцэзій. Форум быў прысвечаны вывучэнню дасягненняў і рызыкі штучнага інтэлекту.
"Лічбавы свет – гэта не гатовы прадукт. Ён мяняецца кожны дзень. Мы можам змяніць яго. Мы можам надаць яму форму. І нам патрэбныя камунікатары-католікі, якія б рабілі гэта з любоўю і чалавечым інтэлектам", - сказаў Руфіні. Ён падкрэсліў адказнасць Касцёла за тое, каб накіроўваць тэхналагічныя дасягненні ў адпаведнасці з маральнымі каштоўнасцямі, арыентаванымі на чалавека.
“Асноўнае пытанне заключаецца не ў машынах, а ў людзях. У нас саміх. Ёсць і заўсёды будуць рэчы, якія нельга замяніць тэхналогіяй: гэта свабода, цуд асабістай сустрэчы, здзіўленне ад нечаканага, навяртанне, успышка вынаходлівасці, бескарыслівая любоў", - сказаў ён.
Руфіні ахарактарызаваў дыскусію вакол штучнага інтэлекту як глыбокую маральную і філасофскую праблему, якая патрабуе актыўнага ўдзелу Касцёла. “Нам патрэбныя правілы, нам патрэбна этыка, нам патрэбнае філасофскае і тэалагічнае мысленне, а не толькі тэхналагічнае. Нам трэба глядзець далей. Нам патрэбныя ўважлівасць і адказнасць. Гэта кідае выклік палітыкам, філосафам, педагогам, а таксама Касцёлу", - дадаў ён.
Прадстаўнік Святога Пасада выказаў занепакоенасць тым, што штучны інтэлект можа ўзмацніць сацыяльную няроўнасць і ізаляцыю, калі яго не кантраляваць, а таксама задаўся пытаннем, ці ўмацуе штучны інтэлект чалавечыя адносіны альбо, наадварот, узмацніць адзіноту. Развіццё штучнага інтэлекту павінна спрыяць роўнасці, а не стварэнню новых іерархій, заснаваных на інфармацыйнай уладзе. Існуе рызыка, што штучны інтэлект можа прывесці да новых формаў эксплуатацыі і няроўнасці, якія ўзнікаюць з-за кантролю над алгарытмамі і інфармацыяй пра прыватныя аспекты жыцця людзей, папярэдзіў Руфіні.