Благаслаўлёны Істыфан Дувэйхі, Патрыярх Антыёхіі (1630-1704) Благаслаўлёны Істыфан Дувэйхі, Патрыярх Антыёхіі (1630-1704) 

Сэмерара: благаслаўлёны Істыфан Дувэйхі служыў агульнаму дабру

2 жніўня 2024 года ў Ліване прайшла беатыфікацыя епіскапа Істыфана Дувэйхі, мараніцкага Патрыярха Антыёхіі. Пра яго пастырскую і экуменічную дзейнасць нагадаў падчас Імшы кардынал Марчэла Сэмерара.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі ўзначаліў беатыфікацыйную Імшу, якая прайшла ў патрыяршай рэзідэнцыі ў Бкерке непадалёк ад Бейрута. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел каля 13 тысяч вернікаў.

Епіскап Істыфан Дувэйхі быў “добрым пастырам, які пакутаваў са сваім статкам і рабіў усё магчымае, каб расціць, абараняць і аберагаць яго" па прыкладу Хрыста. Сёння ж, наадварот, "ёсць людзі, якія замест таго, каб служыць агульнаму дабру, думаюць пра свой дабрабыт", - адзначыў у сваёй гаміліі кардынал Сэмерара.

Больш за 30 гадоў на чале маранітаў

Іерарх назваў новага благаслаўлёнага ўзорам "душпастырскай дабрачыннасці", "любові да Царквы" і "пачуцця каталіцкага братэрства". Патрыярх Дувэйхі (1630-1704) больш за тры дзесяцігоддзі ўзначальваў Мараніцкую Царкву, якая перажывала суровыя гады ўнутраных рознагалоссяў і пераследу. Ён не ведаў "ніводнага ціхага, спакойнага дня", не раз быў вымушаны пакінуць патрыяршы пасад у пошуках бяспечнага прытулку", - сказаў кардынал Сэмерара.

Інтэлектуал, які клапаціўся пра бедных

Епіскап Дувэйхі на працягу ўсяго свайго жыцця займаўся інтэнсіўнай інтэлектуальнай дзейнасцю. Пры гэтым, па прыкладу евангельскага Добрага Пастыра, прысвяціў сябе дапамозе бяднейшым. Ён быў не проста пастырам, але добрым пастырам, у адрозненне ад тых, хто, па словах Эзэкіэля, замест таго, каб пасвіць авечак, пасвіліся самі.

Благаслаўлёны Дувэйхі быў абачлівы і дыпламатычны. Пра вялікую адчувальнасць і пакору Патрыярха сведчыць ліст, які ён адрасаваў каралю Францыі Людовіку XIV, паведамляючы пра пакуты свайго народа і просячы ўзяць яго пад сваю абарону.

03 жніўня 2024, 10:31