Пошук

Санктуарый Маці Божай Міласэрнасці ў французскім Пелевуазэне Санктуарый Маці Божай Міласэрнасці ў французскім Пелевуазэне 

Святы Пасад ухваліў набажэнства да Маці Божай з Пелевуазэна

Дыкастэрыя веравучэння дала згоду арцыбіскупу Буржа выдаць дэкрэт nihil obstat (няма перашкод) адносна набажэнства, звязанага з марыйным санктуарыем у невялікім французскім мястэчку Пелевуазэн. Тут у 1876 годзе бедная служанка Эстэль Фагет, па яе словах, мела некалькі аб’яўленняў Багародзіцы.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі, у сваім лісце адзначыў, што хоць яго ведамства звычайна не выказваецца пра звышнатуральны характар такіх феноменаў, словы Эстэль, якія яна прадставіла як пасланні ад Дзевы Марыі, маюць асаблівую каштоўнасць і дазваляюць убачыць у гэтым духоўным досведзе дзеянне Духа Святога.

Іерарх падкрэсліў, што набажэнства да Маці Божай Міласэрнасці не толькі не мае дактрынальных ці маральных супярэчнасцей, але і рэкамендуецца вернікам. Ён адзначыў, што гэта "шлях духоўнай прастаты, даверу і любові", які прынясе вялікую карысць усяму Касцёлу.

Эстэль Фагет, нарадзіўшыся ў 1843 годзе ў беднай сям'і, цяжка захварэла і напісала шчырую просьбу да Дзевы Марыі аб ацаленні. У лютым 1876 года яна пачала бачыць Марыю і цудоўным чынам выздаравела. Паводле яе слоў, Багародзіца прасіла распаўсюджваць набажэнства да Сэрца Езуса і насіць адпаведны шкаплер.

Кардынал Фернандэс нагадаў, што раней Пантыфікі ўжо ўхвалялі жэсты пабожнасці, звязаныя з Маці Божай Міласэрнасці, таксама вядомай пад тытулам Усеміласэрнай Маці, так напрыклад, у 1892 годзе Леў XIII удзяліў адпуст пілігрымам, якія прыйшлі ў Пелевуазэн, а ў 1900 годзе прызнаў шкаплер Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Цяпер, з адабрэннем Святога Пасада, набажэнства да Маці Божай Міласэрнасці з Пелевуазэна афіцыйна прызнаецца на ўзроўні ўсяго Касцёла і рэкамендуецца для вернікаў, якія жадаюць яго практыкаваць.
 

30 жніўня 2024, 09:28