Святы Пасад у ААН: увесці мараторый на смяротную аўтаномную зброю
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пазіцыю Апостальскай Сталіцы агучыў арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе падчас другой сесіі Групы ўрадавых экспертаў па новых тэхналогіях у галіне смяротных аўтаномных сістэм узбраення. Форум праходзіць з 26 па 30 жніўня 2024 года ў Швейцарыі.
Арцыбіскуп Балестрэра спаслаўся на чэрвеньскую прамову Францішка аб штучным інтэлекце, скіраваную да лідараў краін Вялікай сямёркі ў італьянскім Борга-Эньяцыа. У ёй Папа заклікаў “пераглядзець распрацоўку і выкарыстанне прылад, такіх як так званая “смяротная аўтаномная зброя”, і ў канчатковым выніку забараніць іх ужыванне”. Ён заўважаў таксама, што “гэта пачынаецца з эфектыўных і канктрэтных высілкаў па ўвядзенні ўсё большага і належнага чалавечага кантролю” і “што ніводная машына ніколі не павінна прымаць рашэнне забраць жыццё чалавека”.
Папскі дыпламат зазначыў, што Святы Пасад лічыць “крайне неабходным” распрацаваць “надзейны юрыдычна абавязваючы дакумент”, які будзе забараняць выкарыстанне “смяротнай аўтаномнай зброі”, а тым часам “неадкладна ўвесці мараторый на яе распрацоўку і ўжыванне”. Ён таксама выказаў шкадаванне з той прычыны, што сённяшнія палі бітваў, акрамя прычынення пакут людзям, таксама “сталі палігонамі для выпрабавання ўсё больш дасканалай зброі”.
На думку прадстаўніка Апостальскай Сталіцы, сістэмы смяротных аўтаномных узбраенняў нельга разглядаць як “маральна адказныя суб’екты”. “Чалавечая асоба, надзеленая розумам, мае выключную здольнасць да маральнага суджэння і прыняцця этычных рашэнняў, што немагчыма для набору алгарытмаў, незалежна ад таго, наколькі яны складаныя”, - сказаў ён. Арцыбіскуп Балестрэра нагадаў словы Папы пра тое, што машыны толькі здзяйсняюць тэхнічны алгарытмічны выбар, а людзі “не толькі выбіраюць, але і здольныя прымаць рашэнне ў сваім сэрцы”. Этычнае рашэнне, у сваю чаргу, бярэ пад увагу не толькі вынікі дзеяння, але таксама каштоўнасці, пастаўленыя на кон, і абавязкі, якія вынікаюць з гэтых каштоўнасцей.
Святы Пасад лічыць, што з дыскусій аб смяротных аўтаномных узбраеннях фундаментальна важна не адкідаць паняцця чалавечай годнасці і этычныя меркаванні. Трэба “забяспечыць і абараніць прастору для належнага чалавечага кантролю над выбарам, які робяць праграмы штучнага інтэлекту: ад гэтага залежыць сама чалавечая годнасць”, - сцвердзіў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.
Арцыбіскуп зазначыў, што “безумоўныя перавагі, якія чалавецтва можа атрымаць ад цяперашняга тэхналагічнага прагрэсу, будуць залежаць ад таго, наколькі гэты прагрэс будзе суправаджацца адпаведным развіццём адказнасці і каштоўнасцей, якія ставяць тэхналагічны прагрэс на службу цэласнаму чалавечаму развіццю і агульнаму дабру”.