Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANA BELTRAN)

Святы Пасад падтрымаў пазіцыю біскупаў Венесуэлы па выбарах

Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў прыняў удзел у пазачарговай сесіі гэтага аб’яднання, якая прайшла 31 ліпеня 2024 года ў Вашынгтоне і была прысвечана вынікам прэзідэнцкіх выбараў у Венесуэле.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Дэлегацыя Святога Пасаду высока ацэньвае тэрміновае скліканне гэтага пасяджэння”, - заявіў мансеньёр Хуан Антоніа Круз Серана, дадаючы, што Апостальская Сталіца прыняла да ведама непрыняцце дзяржавамі-членамі арганізацыі рэзалюцыі па выбарах, якая была прапанавана, а таксама ўклад розных дэлегацый.

“Святы Пасад згодны з тым, што было выказана Канферэнцыяй Біскупаў Венесуэлы ў камюніке, у якім яна адзначыла дэмакратычнае пакліканне венесуэльскага народа, прадэманстраванае “масавым, актыўным і грамадзянскім удзелам усіх венесуэльцаў у выбарчым працэсе”, - падкрэсліў папскі дыпламат.

Апостальская Сталіца таксама мяркуе, што праявы розных пазіцый і патрабаванняў павінны ажыццяўляцца “ў мірных паставах павагі і цярпімасці, якія пераважалі дагэтуль”, - дадаў мансеньёр Круз Серана.

“Святы Пасад лічыць, што толькі дыялог і актыўны і поўны ўдзел усіх палітычных сіл, уцягнутых у гэты працэс, могуць прывесці да пераадолення сітуацыі, якая склалася, і сведчыць пра дэмакратычнае суіснаванне ў краіне”, - сказаў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.
 

01 жніўня 2024, 10:11