Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер  (ANSA)

Арцыбіскуп Галахер: валоданне ядзернай зброяй амаральна

Адмовіцца ад логікі легітымнасці вайны, улічваючы катастрафічны патэнцыял ядзернай зброі, заклікаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер удзельнікаў 68-й сесіі Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), якая праходзіла ў Вене 16 верасня 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сакратар па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі перадаў удзельнікам пасяджэння МАГАТЭ найлепшыя пажаданні і сардэчнае прывітанне Папы Францішка, падзякаваўшы за нястомныя намаганні па забеспячэнні ядзернай бяспекі, у тым ліку і ва Украіне.

Каб мір стаў рэальнасцю, мы павінны “адмовіцца ад логікі легітымнасці вайны”, асабліва ўлічваючы катастрафічны патэнцыял ядзернай зброі. “Прыйшоў час сказаць рашучае не вайне, заявіць, што войнам няма апраўдання”, а мір павінен быць заснаваны “не на хісткім балансе стрымлівання, а на братэрстве", - падкрэсліў дыпламат.

Прадстаўнік Святога Пасада заклікаў міжнародную супольнасць этычна асэнсаваць рызыку ядзернай зброі і аднавіць прагрэс у галіне раззбраення. “Выкарыстанне атамнай энергіі ў ваенных мэтах амаральна, гэтак жа як і валоданне ядзернай зброяй”, - нагадаў ён словы Францішка.

Арцыбіскуп Галахер выказаўся ў падтрымку ініцыятыў МАГАТЭ па забеспячэнні ядзернай бяспекі, у прыватнасці на Запарожскай атамнай электрастанцыі ва Украіне, і заклікаў варожыя бакі ўстрымацца ад нападаў, наступствы якіх могуць быць разбуральнымі для ўсяго чалавецтва. Ён прывітаў намаганні агенцтва па ўзаемадзеянні з Іранам і Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай (КНДР), а таксама ініцыятывы ў галіне харчовай бяспекі, аховы здароўя і навакольнага асяроддзя. Іерарх падкрэсліў, што ядзерныя тэхналогіі могуць прыносіць карысць, калі яны адпавядаюць этычным прынцыпам. “Важна, каб да гэтых тэхналогій заўсёды падыходзілі з пункту гледжання агульнага дабра і ўсебаковага развіцця кожнага чалавека”, - сцвердзіў ватыканскі дыпламат.

17 верасня 2024, 12:21