Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Арцыбіскуп Галахер заклікаў да абароны свабоды рэлігіі і сумлення

На запрашэнне польскага Сената арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыняў удзел у канферэнцыі "Свабода сумлення і рэлігіі ў кантэксце дэмакратычнай дзяржавы", якая 24 верасня 2024 года прайшла ў Варшаве.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сакратар па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі падзяліўся з удзельнікамі канферэнцыі сваімі разважаннямі пра фундаментальнае права чалавека на свабоду рэлігіі і сумлення ў кантэксце сацыяльнага вучэння Касцёла. Ён прапанаваў падрабязны агляд стану рэлігійнай свабоды за апошнія шэсцьдзесят гадоў, засяродзіўшы ўвагу на трох асноўных пунктах: свабода веравызнання ў дэкларацыі Dignitatis Humanae; рэлігійная свабода ў вучэнні Касцёла пасля Другога Ватыканскага сабора; і далікатны баланс свабоды веравызнання і дзяржаўнага секулярызму.

Іерарх сцвердзіў, што ў свеце назіраецца відавочны рэгрэс у сферы рэлігійнай свабоды, які з’яўляецца сімптомам глыбокага крызісу дэмакратычных дзяржаў, дзе забываюцца пра такія фундаментальныя прынцыпы, як прымат чалавечай асобы як суб'екта адносін. “Калі гэтыя асноўныя прынцыпы адмяняюцца або забываюцца, дзяржава хутка набывае аўтарытарную накіраванасць”, - папярэдзіў арцыбіскуп Галахер.

З іншага боку, у новай глабальнай лічбавай прасторы, асабліва ў Інтэрнэце, расце ўсведамленне каштоўнасці свабоды выказвання меркаванняў, сумлення і рэлігіі. Аднак свабода часта разумеецца як неабмежаваная, поўная свабода выбару, адарваная ад універсальнай маральнай ісціны пра дабро і зло. Гэта можа прывесці да скажонага разумення свабоды, калі асабістая свабода “пераходзіць у ўсёдазволенасць або становіцца апраўданнем для абмежавання правоў іншых”, - папярэдзіў дыпламат.

Арцыбіскуп Галахер нагадаў ідэю Мантэск'ё аб тым, што свабода - гэта не ўсёдазволенасць, а хутчэй здольнасць рабіць тое, што належыць. “У нашых сучасных грамадствах, асабліва на Захадзе, існуе тэндэнцыя, узвышаць свабоду да такой ступені, што яна становіцца абсалютам", - адзначыў іерарх. Калі гэта адбываецца, "індывідуальнае сумленне набывае статус вярхоўнага маральнага суддзі, які выносіць катэгарычныя і беспамылковыя рашэнні адносна дабра і зла". Гэта прыводзіць да абмежаванага разумення свабоды веравызнання і шкодзіць сапраўднаму плюралізму і пошуку аб'ектыўнай ісціны.

Вучэнне Касцёла сцвярджае, што рэлігійная свабода не толькі азначае магчымасць без прымусу і пагрозы пераследу вызнаваць веру, але і свабоду шукаць ісціну. “Мы створаны з пэўнай мэтай. Мы атрымалі прыроду, прызначаную для пэўнай мэты, надзеленую інтэлектам, свабодай пазнання і выбару дабра, кожны згодна са сваім сумленнем. Без гэтай аб'ектыўнай мэты, якая існуе за межамі нашага эга, мы можам спадзявацца толькі на тое, што грамадства апынецца ў крызісе, калі кожны з нас не зможа прыняць у абдымкі нікога, акрамя сябе".

24 верасня 2024, 13:51