Дзяржаўны сакратар прыме ўдзел у 79-й сесіі Генасамблеі ААН
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміў Дзяржаўны сакратарыят у сацыяльнай сетцы X, 22 верасня 2024 года кардынал Паралін накіруецца ў Нью-Ёрк, каб разам з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў прыняць удзел у Саміце будучыні і Тыдні высокага ўзроўню – 2024. Мерапрыемства пройдзе ў штаб-кватэры ААН. Паведамляецца таксама, што Дзяржсакратар узначаліць Імшу з нагоды 60-годдзя прадстаўніцтва Святога Пасада ў ААН.
Чакаецца, што ўдзельнікі 79-й Генеральнай Асамблеі абмяркуюць такія пытанні, як пошук шматбаковых рашэнняў на аснове Статута ААН, а таксама паскарэнне намаганняў па рэалізацыі Парадку дня – 2030 і Мэт устойлівага развіцця. Сярод прыярытэтаў – падтрымка міру і бяспекі ў свеце, садзейнічанне ўстойліваму развіццю, барацьба са зменай клімату, стратай біяразнастайнасці і забруджваннем навакольнага асяроддзя.