Пошук

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс 

Кардынал Фернандэс: Ян Павел ІІ хацеў наведаць Меджугор’е

Калі з’явяцца чарговыя пасланні з Меджугор’я, яны будуць патрабаваць зацвярджэння Касцёлам перад публікацыяй, паведаміў прэфект Дыкастэрыі веравучэння.

Ян Глінскі

Кардынал Віктар Мануэль Фернандэс прыняў удзел у прэс-канферэнцыі, з нагоды выдання Ноты Каралева супакою, прысвечанай тэме духоўнага досведу, звязанага з Меджугор’ем, якая адбылася 19 верасня 2024 года ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы. Ватыканскі дакумент дазваляе публічныя набажэнствы ў Меджугор’і, але не закранае тэму звышнатуральнага характару меркаваных аб’яўленняў і пасланняў Маці Божай.

Іерарх адзначыў, што святы Ян Павел меў “моцнае жаданне” наведаць Меджугор’е, што вынікае з аналізу яго асабістых лістоў. Бэнэдыкт XVI, у сваю чаргу, яшчэ будучы прэфектам Кангрэгацыі веравучэння, заахвочваў выразна адрозніваць сведчанні аб магчымай звышнатуральнасці з’явы ад яе духоўных плёнаў. Таксама і Францішак у 2017 годзе рабіў акцэнт на духоўным і душпастырскім аспекце, звязаным з гэтым месцам, нагадваючы, што там адбываецца шмат навяртанняў.

Выдаючы ў гэтай справе дэкрэт nihil obstat (няма перашкод), Касцёл паказвае, што “не хоча пакідаць вернікаў адных”, - падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі веравучэння. Ён адзначыў, што Святы Айцец не палічыў абавязковым выдаваць сцвярджэнне аб звышнатуральным характары з’яў у Меджугор’і, хоць і мае харызму беспамылковасці. Для Францішка дастаткова сказаць вернікам, што ў гэтым месцы можна маліцца, што набажэнства можа быць публічным, што туды можна здзяйсняць пілігрымкі, а пасланні з Меджугор’я не нясуць небяспекі і іх можна чытаць.

Іерарх таксама падкрэсліў, што вернікам не рэкамендуецца разглядаць магчымыя чарговыя пасланні ў Меджугор’і як павучальныя тэксты, пакуль яны не будуць правераны і зацверджаны Касцёлам.

Прэфект прызнаў, што nihil obstat не вырашае праблем, якія могуць з’явіцца ў будучыні. “Меджугор’е – гэта актуальная духоўная з’ява; ацэньваюцца яе цяперашнія плёны – справа, якую Святы Дух стварае вакол гэтага феномена”, - сказаў кардынал Віктар Мануэль Фернандэс.
 

20 верасня 2024, 09:05