Пошук

Кардыналы падчас Сінода Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Кардыналы падчас Сінода Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Олерыш: істотных змен у складзе ўдзельнікаў Сінода не адбылося

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай Другой сесіі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў, кардынал Жан-Клод Олерыш анансаваў склад яе ўдзельнікаў. У параўнанні з першай сесіяй ён амаль не змяніўся.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як паведаміў Генеральны рэлятар Сінода Біскупаў, другая сесія Сінода будзе засядаць амаль у тым жа складзе, што і год таму. З 368 удзельнікаў з правам голасу прадугледжана толькі 26 змен. Беларускі епіскапат будзе прадстаўляць біскуп Аляксандр Яшэўскі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Сярод удзельнікаў з правам голасу – 272 біскупы, у тым ліку 168 прадстаўнікоў біскупскіх канферэнцый. Колькасць экуменічных удзельнікаў павялічылася з 12 да 16. Як падкрэсліў кардынал Олерыш, гэта звязана з павышанай цікавасцю да сінадальнага працэсу з боку некаталіцкіх Цэркваў і супольнасцей.

Як адзначыў спецыяльны сакратар Сінода, айцец Джакама Коста, мэтай сесіі з'яўляецца падвядзенне вынікаў Сінадальнага працэсу, які працягваецца з 2021 года. Спачатку будуць вызначаны тэмы, якія павінны быць адлюстраваныя ў выніковым дакуменце, затым пройдзе іх абмеркаванне. Усе дыскусіі будуць падзеленыя на пяць модуляў. Першыя чатыры модулі будуць прысвечаны асноўным раздзелах працоўнага дакумента. Сесія будзе праходзіць у 36 рабочых групах і на пленарных пасяджэннях. Выніковы дакумент Сінода будзе складзены пад кіраўніцтвам Генеральнага рэлятара.

Новым элементам другой сесіі Сінода Біскупаў стануць чатыры тэалагічна-пастырскія форумы, якія пройдуць 9 і 16 кастрычніка 2024 года. Яны будуць прысвечаны такім тэмам, як Народ Божы – суб'ект місіі; роля і ўлада біскупа ў сінадальным Касцёле; узаемаадносіны паміж мясцовым і паўсюдным Касцёлам; ажыццяўленне прымату і Сінод Біскупаў. У форумах змогуць прыняць удзел усе ўдзельнікі Сінода, тэолагі, кананісты, душпастыры, журналісты і зацікаўленыя асобы.

16 верасня 2024, 16:02