Візіт Францішка ў Азію і Акіянію: сем памятных вобразаў
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Першым такім вобразам галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ назваў “тунэль братэрства”, які Францішак благаславіў у прысутнасці Вялікага імама Джакарты: “у час, калі тунэлі асацыююцца з вайной, тэрарызмам, гвалтам і смерцю, гэты калідор, які злучае вялікую мячэць з каталіцкім касцёлам – знак і насенне надзеі”. “Жэсты сяброўства і сімпатыі, якімі абмяняліся Біскуп Рыма і імам, прамовілі да мноства людзей у гэтай краіне з найбольшай колькасцю мусульман у свеце”, - напісаў эксперт.
“Другі вобраз – гэта Святы Айцец, які садзіцца ў самалёт С130 аўстралійскіх ваенна-паветраных сіл, каб адправіцца ў Ваніма на паўночным захадзе Папуа-Новай Гвінеі і наведаць трох місіянераў аргенцінскага паходжання і іх вернікаў, а таксама даставіць тоны матэрыяльнай дапамогі і падарункаў. Папа, які ў маладосці марыў стаць місіянерам у Японіі, з нецярпеннем чакаў гэтай паездкі на самую перыферыю свету, дзе яго сустрэлі мужчыны і жанчыны ў сваіх стракатых вопратках. Быць місіянерам значыць, у першую чаргу, раздзяліць жыццё, шматлікія праблемы і надзеі людзей, якія адчуваюць няўпэўненасць, жывучы пасярод багатай прыроды. Гэта значыць сведчыць пра аблічча Бога, які ёсць пяшчотай і спагадай”, - падкрэсліў Тарніелі.
На трэцім вобразе – Прэзідэнт Усходняга Тымора Жазэ Рамуш-Орта, які нахіліўся, каб дапамагчы Папу ўставіць ногі ў вазок па заканчэнні яго выступлення ў прэзідэнцкім палацы ў Дзілі. У самай каталіцкай краіне свету вера з’яўляецца моцнай часткай тоеснасці, а Касцёл сыграў вырашальную ролю ў працэсе, які прывёў да яе незалежнасці ад Інданезіі.
Чацвёрты вобраз – гэта кранальныя абдымкі Папы з тыморскімі дзецьмі з інваліднасцю, пра якіх клапоцяцца місіянеркі ў школе Irmãs Alma: жэсты, позіркі, некалькі глыбокіх евангельскіх слоў, якія нагадваюць нам, што гэтыя дзеці, якія патрабуюць усяго, дазваляючы нам клапаціцца пра сябе, вучаць нас таму, як дазволіць Богу клапаціцца пра нас. Пытанне пра тое, чаму пакутуюць дзеці – гэта ранячы клінок, рана, якая не загойваецца. І адказам Францішка на гэта пытанне сталі блізкасць і абдымкі.
Пятым памятным вобразам падарожжа Тарніелі назваў жыхароў Усходняга Тымору, якія гадзінамі чакалі Папу пад спякотным сонцам на Эспланадзе Тасі Толу. Там было больш за 600 тысяч чалавек, практычна кожны другі жыхар краіны. Францішак быў уражаны ветлівасцю і гасціннасцю ў краіне, якая павольна будуе сваю будучыню пасля барацьбы за незалежнасць ад Інданезіі. 65 працэнтаў яе насельніцтва – людзі, маладзейшыя за 30 гадоў, а вуліцы, па якіх праязджаў папскі аўтамабіль, былі запоўнены маладымі мужчынамі і жанчынамі з маленькімі дзецьмі. Гэта надзея Касцёла. Надзея ўсяго свету, - зазначыў ватыканскі медыя-эксперт.
Шосты вобраз – панарама Сінгапура, астраўной дзяржавы з самымі высокімі і сучаснымі хмарачосамі. “Гэта развітая і багатая краіна. Нельга не згадаць пра кантраст з пыльнымі вуліцамі Дзілі, якія Папа пакінуў некалькі гадзін раней. Тут, дзе росквіт бачны на кожным кроку, дзе жыццё добра арганізавана, а транспарт працуе вельмі хутка, Францішак абняў усіх і ўказаў шлях да любові, гармоніі і братэрства”, - напісаў Тарніелі.
“І нарэшце, апошні вобраз – гэта сам Папа. Былі тыя, хто сумняваўся, ці вытрымае ён стомленасць ад такога доўгага падарожжа па краінах з трапічным кліматам. Аднак, здарылася адваротнае, свайго роду crescendo: замест таго, каб кожны дзень усё больш і больш знясільвацца, пераадольваючы кіламетры, перасадкі і пералёты, Святы Айцец зноў напоўніўся энергіяй. Сустракаючыся з маладымі людзьмі з розных краін, адкладаючы тэкст прамовы і ведучы з імі дыялог, ён набіраўся духоўных і цялесных сіл: малады сярод маладых, нягледзячы на свой узрост, нягледзячы на набліжэнне 88 гадоў, якіх ён дасягне напярэдадні Юбілею”, - заключыў галоўны рэдактар СМІ Апостальскай Сталіцы.