Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін 

Паралін: у Бенілюксе Папа нагадае пра хрысціянскія карані Еўропы

Візітам у Люксембруг і Бельгію Францішак нагадае пра важнасць хрысціянскіх каранёў Еўропы, якія павінны стаць арыенцірам для будучыні кантынента, заўважыў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы нагадаў у інтэрв’ю Vatican News, што падарожжа Пантыфіка пройдзе з нагоды 600-годдзя Лёвенскага каталіцкага ўніверсітэта ў Бельгіі, але ў яго праграму было вырашана ўключыць таксама наведванне Люксембруга. “Гаворка ідзе пра дзве краіны-заснавальніцы Еўрапейскага Саюза і сядзібу яго ўстаноў”, дзе каталіцтва, хоць фармальна яшчэ застаецца найбольш распаўсюджанай рэлігіяй, але часта не прызнаецца “перспектывай жыцця і амаль выціснута на ўзбочыну грамадства”, - заўважыў ён.

Важнасць дыялогу паміж навукай і верай

Па словах кардынала, візітам у Лёвенскі ўніверсітэт Францішак нагадае пра фундаментальнае значэнне дыялогу паміж навукай і верай. Іерарх адзначыў, што непаразуменні паміж імі адбываліся з-за “неабгрунтаванага ўзвышэння аднаго метаду над іншым”: з аднаго боку, памылкова разглядалі Біблію не толькі як свяшчэнны тэкст, але і як навуковую кнігу, а з другога – абсалютызавалі навуковыя веды, “недаацэньваючы і абмяжоўваючы шырокае поле чалавечага розуму”.

Папулізм і палярызацыя – вынік стомленасці людзей

Кардынал Паралін адзначыў, што папулізм, палярызацыя і страхі ў Еўропе часта з’яўляюцца “вынікам стомленасці духу і думкі”, а таксама жадання людзей “вырашыць складаныя ці нават эпахальныя праблемы простымі і хуткімі эфектыўнымі рашэннямі”.

“Гэтая стомленасць людзей прыводзіць да таго, што яны з гатоўнасцю прымаюць радыкальныя прапановы, абяцанні немагчымага”, - заўважыў Дзяржсакратар, падкрэсліваючы, што мова Касцёла і Папы ў гэтым кантэксце гучыць як заклік да адказнасці і ўмеранасці: яны папярэджваюць аб рызыках, якім можна падвергнуцца, ступіўшы на небяспечны шлях, і выкрываюць самыя небяспечныя памылкі.

“Словы Святога Айца зыходзяць з Евангелля і заўсёды з’яўляюцца словамі мудрасці. Яны рэалістычныя, як рэалістычнае Евангелле, якое не абяцае раю без крыжа. Таму голас Папы вучыць нас быць пільнымі і не губляць крытычнага падыходу да тых, хто адразу ж прапануе спрошчаныя рэцэпты выратавання народам, стомленым па самых розных прычынах. Звычайна яны аказваюцца рэцэптамі катастрофы”, - перакананы бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.

Патрэба супольных намаганняў на карысць сям’і

Закранаючы тэму скарачэння ўзроўню нараджальнасці ў Еўропе, кардынал Паралін падкрэсліў, што для пераадолення “дэмаграфічнай зімы” неабходны супольныя і скаардынаваныя намаганні розных суб’ектаў: дзяржавы, Касцёла, грамадскіх аб’яднанняў. Гэтыя дзеянні павінны закранаць канкрэтныя праблемы людзей, якія перашкаджаюць ім велікадушна адкрывацца на дар новага жыцця. Іерарх падкрэсліў, што душпастырская дзейнасць павінна быць засяроджана таксама на ўмацаванні надзеі і даверу да Божага Провіду.

Хрысціянскія каштоўнасці – арыенцір для будучыні Еўропы

Кардынал нагадаў, што менавіта хрысціянства сфармавала Еўропу такой, якой яна з’яўляецца сёння. Той факт, што пра гэтыя карані было вырашана не згадваць у канстытуцыі Еўрасаюза, прывёў да росту дэзарыентацыі, якая перашкаджае будаваць адзіную Еўропу, перакананы ён.

“Калі яна хоча быць пачутым і аўтарытэтным голасам у сучасным свеце і пераадолець цяжкія перашкоды, ёй неабходна адкрыць веліч каштоўнасцяў, якія натхнялі яе, каштоўнасцяў, якімі кіраваліся яе заснавальнікі ў сучасную эпоху. Апостальская Сталіца можа суправаджаць еўрапейскія народы на гэтым далікатным этапе, заклікаючы іх рухацца наперад з упэўненасцю і мужна трымацца тых каштоўнасцяў, якія натхняюць еўрапейскае жыццё і грамадства. Такім чынам, Еўропа зноў атрымае цудоўны імпульс для вырашэння складаных задач сённяшняга дня”, - сказаў Дзяржсакратар.
 

26 верасня 2024, 11:02