СДМ вяртаецца ў Азію: Святы Пасад анансуе падрыхтоўку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У нядзелю, 24 лістапада 2024 года, падчас Імшы, якую Папа Францішак адправіць на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, моладзь з Лісабона перадасць моладзі з Сеула сімвалы Сусветных дзён моладзі: Крыж Моладзі і ікону Багародзіцы – Salus Populi Romani. Пра гэта паведаміў прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця, кардынал Кевін Фарэл падчас прэс-канферэнцыі ў Ватыкане, прысвечанай стану падрыхтоўкі да глабальнай моладзевай падзеі ў сталіцы Паўднёвай Карэі ў 2027 годзе.
"Мы спадзяёмся, што на працягу наступных трох гадоў шмат маладых людзей, нават тых, хто ніколі не ўдзельнічаў у Сусветных днях, здзейсняць падарожжа, пераважна духоўнае, каб сустрэцца ў Азіі з Наступнікам Пятра і разам адважна сведчыць пра Хрыста", - сказаў амерыканскі пурпурат.
Ён падкрэсліў, што ў Карэі католікі складаюць 11 працэнтаў насельніцтва. "Хоць Касцёл і з'яўляецца меншасцю, ён поўны жыццёвасці і ўсялякіх ініцыятыў, узбагачаны гераічным сведчаннем многіх мучанікаў, ад якога і дагэтуль зыходзіць вельмі моцнае святло веры і надзеі, якое даходзіць да ўсіх вернікаў ва ўсім свеце", - адзначыў іерарх.
Фарэл заўважыў, што СДМ вяртаецца ў Азію пасля сустрэчы ў Маніле ў 1995 годзе і сцвердзіў, што "натуральная адкрытасць Азіі да суіснавання культур, дыялогу і камплементарнасці стане вялікай дапамогай для маладых пілігрымаў на іх шляху фармацыі, каб стаць будучымі пасланцамі міру ў свеце, так разарваным канфліктамі і супярэчнасцямі".
Ён выказаў перакананне, што "дынамічны азіяцкі кантэкст прымусіць маладых людзей задумацца пра дыялог паміж верай і сучаснасцю” і зразумець выклікі глабальнага маштабу: “страту сэнсу, што часта характарызуе жыццё ў найбольш развітых грамадствах, лічбавую рэвалюцыю, кліматычны крызіс, эканамічную няроўнасць".
"Пілігрымка на СДМ у Сеуле 2027 будзе больш, чым проста сустрэчай", - падкрэсліў арцыбіскуп гэтага горада Пітэр Сун-тэк Чунг, старшыня мясцовага арганізацыйнага камітэта. Ён адзначыў, што "гэта будзе значнае падарожжа, падчас якога маладыя людзі, аб'яднаныя з Езусам Хрыстом, задумаюцца і пагавораць пра сучасныя выклікі і несправядлівасць, з якімі яны павінны сутыкнуцца". Гэта будзе "вялікае свята, якое дазволіць кожнаму адчуць поўную жыцця і энергіі культуру, створаную маладымі карэйцамі".
Акрамя таго, праз гэта свята маладыя карэйцы будуць мець каштоўную магчымасць уключыцца ў захапленні і клопаты сваіх аднагодкаў і падзяліцца сваімі.
Карэйскі іерарх нагадаў, што "Каталіцкі Касцёл у Карэі з'яўляецца сведчаннем добраахвотнай і дынамічнай веры сваіх першых вернікаў, якія прынялі зярняты Евангелля без дапамогі місіянераў, вядомыя Духам Святым ".
У сваю чаргу, генеральны каардынатар Сусветных дзён у Сеуле, біскуп Пол Кёнг Санг Лі запэўніў, што маладыя карэйскія католікі "адкрытыя да міжрэлігійнага дыялогу і імкнуцца да гарманічнага і мірнага суіснавання".
Гаворачы пра падрыхтоўку да сеульскай сустрэчы, падчас якой яны падзеляцца сваёй духоўнай спадчынай з маладымі людзьмі ва ўсім свеце, ён сцвердзіў, што "яна ўжо пачалася ў поўным аб'ёме". Не толькі створаны арганізацыйны камітэт, але таксама сфарміравана група маладых людзей, задача якой – распаўсюджванне духоўнасці Сусветных дзён моладзі. У лютым 2024 года пачалася акцыя "ахвяравання мільярда ружанцаў". Тады ж адбыўся канцэрт на падворку катэдры ў Мёнгдонг, каб садзейнічаць аўтэнтычным размовам сярод моладзі. З восені ў 19 дэканатах Сеульскай архідыяцэзіі будуць праходзіць Імшы і сустрэчы для моладзі. На май 2025 года запланаваны дыяцэзіяльны фестываль моладзі. А "праз узнагароды Таямніца Жыцця мы заахвочваем маладых навукоўцаў, якія займаюцца хрысціянскай духоўнасцю, дзяліцца сваім навуковым укладам з Паўсюдным Касцёлам і сусветнай супольнасцю", - пералічваў дапаможны біскуп Сеульскай архідыяцэзіі.
Адказваючы на пытанні журналістаў, кардынал Фарэл патлумачыў, што выбар Паўднёвай Карэі ў якасці гаспадара СДМ звязаны з асабістай зацікаўленасцю Папы ў яе арганізацыі "на двух кантынентах: па-першае, у Азіі, па-другое, у Афрыцы". "Папа хоча адкрыцца на ўвесь свет: занадта шмат канфліктаў і падзелаў, а Святы Айцец хацеў бы весці нас да ўзаемнага дыялогу. (...) Каб паказаць, што мы ўсе можам жыць разам, паважаючы адзін аднаго, паважаючы культуру і перакананні людзей, якія жывуць у кожным месцы", - патлумачыў прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх. Ён нагадаў, што ў 2014 годзе Францішак наведаў Паўднёвую Карэю і хоча туды вярнуцца".
На пытанне пра магчымасць падарожжа Папы ў Паўночную Карэю кардынал адказаў, што гэта залежыць ад атрымання адтуль запрашэння. У сваю чаргу арцыбіскуп Чунг сцвердзіў, што "хоць міжнародная сітуацыя і адносіны паміж дзвюма карэйскімі дзяржавамі не спрыяльныя", “калі гэта будзе магчыма”, маладыя карэйцы з Поўначы таксама будуць запрошаны ў Сеул.