Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media) Калонка рэдактара

Сэрца пастыра і вера народа

Станоўчае рашэнне па Меджугор’і стала магчымым дзякуючы прызнанню плёнаў духоўнага досведу, а таксама пастырскаму падыходу Папы Францішка, лічыць галоўны рэдактар Vatican News Андрэа Тарніелі.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна - Vatican News

Афіцыйны дазвол на культ у Меджугор'і, пачатак якога быў пакладзены ў чэрвені 1981 года, калі шасцёра дзяцей распавялі, што бачылі Маці Божую, стаў магчымы дзякуючы багатым станоўчым плёнам, выяўленым у гэтай парафіі, якую штогод наведваюць больш за мільён чалавек. Гэтыя плёны – пілігрымкі, навяртанні, вяртанне да сакрамэнтаў, выратаванне крызісных шлюбаў.

Гэта тыя элементы, на якія заўсёды звяртаў увагу Папа Францішак, нават калі быў біскупам у Аргенціне, сцвярджаючы, што народную пабожнасць, якая вядзе шмат людзей да святыні, неабходна суправаджаць, калі неабходна, выпраўляць, але не душыць.

Пры ацэнцы магчымых звышнатуральных з'яў заўсёды варта звяртаць увагу на духоўныя плёны. Гэты пункт гледжання пераемніка святога Пятра адпавядае новым нормам, апублікаваным у маі 2024 года, якія вызвалілі Касцёл ад неабходнасці прыняць складанае рашэнне аб прызнанні звышнатуральнасці. Апошняе ўсё яшчэ магчыма, але больш няма неабходнасці чакаць яго, каб дазволіць правядзенне набажэнстваў, адарацый і пілігрымак.

Такім чынам, дзякуючы пастырскаму сэрцу Францішка было прынята рашэнне адносна аднаго з найбольш вядомых і супярэчлівых аб’яўленняў Багародзіцы за апошняе стагоддзе. Гэтае рашэнне не стала нечаканасцю. Яшчэ ў маі, адказваючы на пытанне аб Меджугор'і, кардынал Фернандэс сказаў: "Мы лічым, што з гэтымі нормамі будзе лягчэй рухацца наперад і прыйсці да канчатковага рашэння".

Гэта не беспрэцэдэнтны падыход, пра што сведчаць словы тагачаснага кардынала Ратцынгера ў кнізе-інтэрв'ю Справаздача аб веры: "Адзін з нашых крытэрыяў заключаецца ў тым, каб аддзяліць аспект сапраўднай або меркаванай звышнатуральнасці з'явы ад яе духоўных плёнаў. Пілігрымкі старажытных хрысціян накіроўваліся ў месцы, якія часам могуць збянтэжыць наш сучасны крытычны дух з пункту гледжання навуковай праўдзівасці звязанай з імі традыцыі. Гэта не значыць, што тыя пілігрымкі не былі плённымі, карыснымі, важнымі для жыцця хрысціянскага народа. Праблема заключаецца не столькі ў звышкрытычным сучасным светапоглядзе (які ў канчатковым выніку выліваецца ў новую форму легкавернасці), колькі ў ацэнцы жыццяздольнасці і артадаксальнасці рэлігійнага жыцця, якое развіваецца вакол гэтых месцаў".

Менавіта Бэнэдыкт XVI у 2010 годзе даручыў камісіі на чале з кардыналам Руіні вывучыць гэтую з'яву, і вынік быў станоўчым.

Такім чынам, дакумент Каралева супакою прызнае карысць духоўных плёнаў і дае ў цэлым станоўчую ацэнку шматлікім пасланням, звязаным з Меджугор'ем, хоць і з некаторымі ўдакладненнямі адносна асобных праблемных выразаў, на якія, магчыма, паўплываў суб'ектыўны ўплыў візіянерамі.

Што тычыцца дзяцей, якія сталі галоўнымі дзеючымі асобамі ў гэтай з'яве і якія на працягу многіх гадоў былі аб'ектамі спрэчак і нават абвінавачванняў, то ў дакуменце з першых радкоў тлумачыцца, што станоўчае рашэнне не тычыцца іх маральнага жыцця і што ў любым выпадку духоўныя плёны “не абавязкова патрабуюць маральнай дасканаласці людзей, якія маюць да дачыненне да з’явы”. Пры гэтым сам факт атрымання дазволу азначае, што не было выяўлена асабліва крытычных або сумніўных аспектаў, не кажучы ўжо пра хлусню, фальсіфікацыю ці міфаманію.

У дакуменце Дыкастэрыі веравучэння падкрэсліваюцца два цэнтральных прынцыпу паслання Меджугор'я: навяртанне і вяртанне да Бога і мір. Калі адбыўся гэты феномен і Марыя назвалася Каралевай супакою, ніхто і ўявіць сабе не мог, што менавіта гэтыя землі стануць арэнай крывавых сутыкненняў.

Аўтар артыкула быў глыбока ўражаны падчас пілігрымкі сведчаннямі сяброў і суайчыннікаў візіянераў, людзей, якія не мелі ніякага дачынення да з'яў або пасланняў. Сутыкнуўшыся з жорсткасцю вайны, якую вялі на іх землях нават суседзі, яны змаглі дараваць.

Дзякуючы свайму досведу веры, звязанаму з аб'яўленнямі ў Меджугор'і, яны прымірыліся нават з тымі, хто падвергнуў жорсткаму гвалту іх сваякоў. Гэта значна большы цуд, чым многія іншыя з'явы, пра якія распавядаюць у месцах меркаваных аб'яўленняў.

Сапраўднае пасланне Меджугор'я, у рэшце рэшт, заключаецца ў тых пасланнях, у якіх Маці Божая рэлятывізуе свае пасланні і заклікае не ісці за ілжэпрарокамі і не шукаць навін пра "таямніцы" і апакаліптычныя прадказанні. Адно пасланне, датаванае лістападам 1982 года, пацвярджае гэта: "Не шукайце нечага надзвычайнага, але бярыце Евангелле, чытайце яго і ўсё вам стане зразумела".

19 верасня 2024, 18:15