Пілігрымы ля парафіі-санктуарыя ў Меджугор'і Пілігрымы ля парафіі-санктуарыя ў Меджугор'і  (Radio Medjugorje Mir)

Дыкастэрыя веравучэння: станоўчае рашэнне па Меджугор’і

19 верасня 2024 года Дыкастэрыя веравучэння абнародавала дакумент адносна парафіі-санктуарыя Каралевы супакою ў Меджугор’і, якая знаходзіцца ў дыяцэзіі Мостар у Босніі і Герцагавіне і з’яўляецца мэтай мільёнаў пілігрымаў з усяго свету.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Настаў час завяршыць доўгую і складаную гісторыю адносна духоўных з’яў у Меджугор’і”, - такімі словамі пачынаецца Нота Каралева супакою, падпісаная кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам, прэфектам Дыкастэрыі веравучэння. 

У тэксце, ухваленым Святым Айцом, не гаворыцца пра звышнатуральны характар з’яў у Меджугор’і, але прызнаюцца шматлікія духоўныя плёны, звязаных з гэтым месцам, і дазваляецца публічнае набажэнства. Адносна пасланняў у цэлым утрымліваецца станоўчае суджэнне, хоць і з некаторымі ўдакладненнямі адносна асобных выразаў.

Добрыя плёны

У дакуменце заўважаецца, што Меджугор’е з’яўляецца мэтай пілігрымак з усяго свету. Добрымі плёнамі, звязанымі з гэтым месцам, сталі ў першую чаргу “спрыянне здаровай практыкі жыцця верай” згодна з традыцыяй Касцёла, шматлікія навяртанні людзей, якія адкрылі ці нанова адшукалі для сябе веру, зварот людзей да споведзі і сакрамэнтральнай камуніі, шматлікія пакліканні, прымірэнні паміж сужонкамі, абнаўленні сужэнскага і сямейнага жыцця і нават аздараўленні. Парафія ў Меджугор’і – гэта месца адарацыі, малітвы, правядзення семінараў, рэкалекцый, сустрэч моладзі. З ёй звязана ўзнікненне дабрачынных ініцыятыў на карысць сірот, нарказалежных, людзей з інваліднасцю. Гэта месца наведваюць групы праваслаўных вернікаў і мусульман.

Пасланне міру

Прааналізаваўшы пасланні, звязаныя са з’явамі ў Меджугор’і, Дыкастэрыя веравучэння адзначае, што адно з іх – гэта пасланне міра, які разумеецца не толькі як адсутнасць вайны, але таксама ў духоўным, сямейным і грамадскім сэнсе. Адзначаецца, што Багародзіца называе сябе менавіта Каралевай супакою. Гаворка ідзе пра супакой, як плён жыцця міласэрнай любоўю, “якая прадугледжвае таксама любоў да некатолікаў”. Гэты аспект можна лепш зразумець “у экуменічным і міжрэлігійным кантэксце Босніі, пазначаным жахлівай вайной з моцнымі рэлігійнымі складнікамі”.

Бог у цэнтры

Адзначаецца, што ў пасланнях часта гучыць заклік цалкам даверыцца Богу, які з’яўляецца любоўю. “Мы можам вылучыць ядро пасланняў, у якіх Багародзіца не ставіць саму сябе ў цэнтр, а выяўляецца напоўніцу скіраванай да адзінства з Богам”. Акрамя таго, “заступніцтва і дзейнасць Марыі выглядаюць выразна падпарадкаванымі Езусу Хрысту, як крыніцы ласкі і збаўлення кожнага чалавека”.

Заклік да навяртання

У пасланнях утрымліваецца таксама “пастаянны заклік пакінуць мірскі лад жыцця і празмерную прывязанасць да зямных даброт; ёсць частыя заклікі да навяртання, якое робіць магчымым сапраўдны мір у свеце”. Здаецца, што навяртанне – цэнтральнае пасланне Меджугор’і. Прысутнічаюць таксама “настойлівыя заахвочванні не недаацэньваць цяжар зла і граху” і сур’ёзна ставіцца да закліку Бога змагацца супраць зла. У пасланнях фундаментальнае значэнне надаецца ролі малітвы і посту, адзначаецца цэнтральная роля Імшы і пошуку канчатковага сэнсу існавання ў вечнымі жыцці.

Неабходныя ўдакладненні

У другой частцы дакумента падкрэсліваецца, што пры частковым прачытанні некаторыя пасланні могуць здавацца “звязанымі з заблытаным чалавечым досведам”, але прычыны гэтых некаторых памылак могуць быць не ў дрэнных намерах, а ў “суб’ектыўным разуменні феномену”.

У некаторых выпадках “здаецца, што Маці Божая выражае пэўнае раздражненне з-за таго, што некаторыя Яе ўказанні не былі выкананы; таму Яна папярэджвае аб пагрозлівых знаках і магчымасці таго, што больш не з’явіцца”. Але, насамрэч, іншыя пасланні прапануюць правільную інтэрпрэтацыю: “Тыя, хто дае катастрафічныя прадказанні – фальшывыя прарокі. Яны кажуць: “У такі год, у такі дзень, адбудзецца катастрофа”. Я заўсёды казала, што пакаранне прыйдзе, калі свет не навярнецца. Таму запрашаю ўсіх да навяртання” (15.12.1983).

Настойлівасць на пасланнях

Таксама ёсць пасланні для парафіі ў Меджугор’і, у якіх Багародзіца, здаецца, жадае кантраляваць дэталі духоўнага і пастырскага шляху. У іншых выпадках Маці Божая настойліва “дае распараджэнні адносна дат, месцаў, практычных аспектаў і прымае рашэнні адносна звычайных пытанняў”. На самай жа справе Багародзіца сама рэлятывізуе ўласныя пасланні, падпарадкоўваючы іх “недасяжнай каштоўнасці Слова, адкрытага ў Святым Пісанні”: “Не шукайце нечага надзвычайнага, але бярыце Евангелле, чытайце яго і ўсё вам стане зразумела” (12.11.1982).

У дакуменце Дыкастэрыі веравучэння да праблематычных адносяцца таксама пасланні, у якіх Маці Божая карыстаецца выразамі “мой план”, “мая задума”, якія могуць выклікаць блытаніну”, бо “усё што робіць Марыя заўсёды служыць задуме Пана”. Нельга рабіць памылку, надаючы Марыі “адзінае і выключнае месца Божага Сына”.

Публічнае набажэнства дазволена

Нават калі гэта не азначае абвяшчэння звышнатуральнасці, і нагадваючы, што ніхто не абавязаны ў іх верыць, дэкрэт nihil obstat (няма перашкод), выдадзены біскупам Мостара са згоды Святога Пасаду, указвае, што вернікі “могуць атрымліваць станоўчы стымул для іх хрысціянскага жыцця праз гэту духоўную прапанову і дазваляе публічнае набажэнства”.

У дакуменце Дыкастэрыі веравучэння ўдакладняецца таксама, што станоўчая ацэнка большасці пасланняў Меджугор’і “не азначае сцвярджэння таго, што яны маюць прамое звышнатуральнае паходжанне”. Апостальская Сталіца запрашае ўсіх, хто скіроўваецца ў Меджугор’е, “прыняць, што пілігрымкі здзяйсняюцца не для таго, каб сустрэцца з меркаванымі візіянерамі, але, каб сустрэцца з Марыя, Каралевай супакою”.
 

19 верасня 2024, 11:30